Днямі да нас у рэдакцыю прыйшоў ліст са Смаргоншчыны ад чытачкі Яўгеніі Кулевіч.

«Я з 1935 года. Даўно ўжо пенсіянерка. Выкладала ў школе мову і літаратуру, добра памятаю вайну і разруху ў краіне.

Мой сын Віктар Кулевіч жыве ў Маладзечне. Тут працуе выхавацелем у школе-інтэрнаце для дзяцей са скаліёзам.

Ён часта мне прывозіць вашы газеты. Шматлікія артыкулы ў ёй вартыя ўвагі.

Вось, у мяне ў руках газета ад 17 мая. Вельмі зацікавіў і ўсцешыў артыкул «Пра школьны музей і кнігу лебедзеўскага настаўніка з прадмовай Барыса Кіта». Нездарма год малой радзімы аб’яўлены на трохгадовы тэрмін.

Прыцягваецца ўвага да дасканалага вывучэння спадчыны свайго краю. Дзякуючы артыкулу, даведалася пра настаўніка Антона Апанасевіча. І хоць асабіста з ім не знаёмая, ведаю, што ён сапраўдны руплівец гісторыі радзімы.

Гэта ж такая тытанічная праца – стварыць музей, выдаць кнігу «Лебедзеўская сага» пра гісторыю Лебедзева. У кнізе – архіўныя дакументы і жывыя ўспаміны мясцовых жыхароў. Успаміны – гэта жывая памяць, на якой выхоўваюцца будучыя пакаленні.

Незанатаваная памяць страчваецца. Такая ўжо прырода чалавека. Чалавек, жывучы на зямлі, працягвае справу сваіх бацькоў і ашчадна перадае яе сваім дзецям.  Калі ж памяці няма, ланцужок перарываецца. А на месцы разрыву пасяляецца зло.

Уражанні пра настаўніка ў артыкуле ярка і дакладна занатавала навучэнка Антона Антонавіча.

Можна меркаваць, што не толькі яна, але і большасць вучняў Антона Апанасевіча будуць шчырымі рупліўцамі ў перадачы спадчыны новым пакаленням. Кожны сённяшні дзень будзе імі заўтра занатаваны як гісторыя краю.

Такія кнігі, як «Лебедзеўская сага» трэба падтрымліваць, выдаваць вялікімі тыражамі, рэкламаваць і распаўсюджваць і ў рэгіёне, і за яго межамі.

Шчыра жадаю Антону Антонавічу плёну ў яго такой патрэбнай людзям працы  і ўсяго найлепшага ў жыцці.

Таксама жадаю поспехаў «Рэгіянальнай газеце». Газета цікавая, змястоўная. Так трымаць далей! »

Яўгенія КУЛЕВІЧ, вёска Сялец Смаргонскага раёна.

Ад рэдакцыі

Мы ўдзячныя шаноўнай Яўгеніі Кулевіч за добрыя словы пра газету. І звяртаемся да ўсіх нашых чытачоў: Падпішыце сваіх бацькоў на «Рэгіянальную газету».

 

 

 

 

• Текст доступен на языке: ruРусский