Скульптар Юрась Камандзірчык за працай. Фота facebook.com.

З дрэва паўстане зацугляны буры мядзведзь, а на вазку – Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы як пане Каханку.

Такую скульптурную кампазіцыю запланаваў зрабіць з дрэва скульптар з Мядзельшчыны Юрась Камандзірчык. 5-12 чэрвеня  ён удзельнічаў ў ХVIII абласным пленэры па вырабе драўляных скульптур «Сонечная цеплыня дрэва», што ладзяць у Нясвіжскім раёне.

Як Радзівіл мядзведзя зацугляў

– Звярнуцца да тэмы Радзівілаў мне падказаў Алесь Цыркуноў. Ён гэтай тэмай глыбока займаўся, – кажа Юрась Камандзірчык. – Мне засталося толькі ўсё закруціць, прачытаць і ўявіць, як увасобіць гэта ў дубе.

Задума майстра такая. Кароль Станіслаў Радзівіл зацугляў бурага мядзведзя і запрог яго ў сані летам. Для імітацыі снегу зямлю пасыпалі соллю. Тое было пасля буйнога банкету, гасцей здзівіць хацеў, кажа скульптар.

– Той мядзведзь цягне сані па солі, а лапы босыя. Соль іх раз’ядае. Яму баліць, і ён раве, што ёсць моцы. Але ж зацугляны, ды Радзівіл яго дзідай накіроўвае.

А на той дзідзе сцяжок-вымпел вісіць. Такі, як падчас Грунвальдскай бітвы, у нашых ваяроў-ліцвінаў, – дзеліцца творца.

Будзе і саляная дарога. Яе спадар Юрась плануе пафарбаваць белым. А па дарозе будзе цягнуцца чырвоны след ад скрываўленых лап мядзведзя.

Атрымаецца бел-чырвона-белы шлях.

Крыху пра пленэр

Абласны пленэр па вырабе драўляных скульптур «Сонечная цеплыня дрэва»

ладзяць штогод ад 2002 года. У нашым рэгіёне пленэр ужо быў на Маладзечаншчыне, Мядзельшчыне, Валожыншчыне.

Сёлета на абласны пленэр па вырабе драўляных скульптур у Нясвіж прыехалі 12 майстроў з Мінска, Мінскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Кожны з іх на працягу васьмі дзён вырабляе сваю драўляную скульптуру, выкарыстоўваючы розныя віды і тэхналагічныя прыёмы мастацкай апрацоўкі драўніны. Усе творы павінны быць прысвечаныя легендам і міфам нясвіжскага краю.

Парк скульптур.

Даведка «РГ»

Караль Станіслаў Радзівіл (1734 – 1790) – дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы 17 стагоддзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Еўропе. Вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» паводле свайго ўлюбёнага зварота да ўсіх. Неяк улетку Караль Станіслаў Станіслаў захацеў пакатацца на санках. Дзеля гэтага дзядзінец Нясвіжскага замка пасыпалі соллю.

Здымкі забяспечаныя героем публікацыі.

• Текст доступен на языке: ruРусский