Так дзяўчынку ў Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» сталі называць пасля яе перамогі ў аднайменным конкурсе.

Калі Каця была зусім маленькай, бабуля вадзіла яе ў тэатр лялек «Батлейка». Там дзяўчынка імкнулася любымі спосабамі залезці на сцэну. Бабуля яшчэ тады зразумела і не памылілася: у сям’і расце артыстка. Цяпер шасцігадовая Каця Канючэнка спявае, танцуе, іграе на музычных інструментах, малюе і займаецца рукадзеллем.

Любімае захапленне Каці – спевы. Яна напявае ўсюды: дома перад люстэркам, у душы, у аўтобусе. Нават падчас нашага інтэрв’ю яна не ўтрымалася і заспявала сваю любімую песню «Модніца».

– Гэта пра мяне! Я люблю апранаць маміны туфлі і пацеркі, прымяраць панчошкі, ярка фарбаваць вусны і вейкі, – распавядае дзяўчынка.

Сёлета Каця перамагла ў раённым конкурсе  «Капітошка», прадставіўшы на суд журы песню  «Такса». Дарэчы, дзяўчынка любіць сабак і з задавальненнем гуляе з хатнім гадаванцам Кайсай. Пераможца атрымала мноства падарункавых сертыфікатаў і двума з іх ужо скарысталася: падраўняла валасы ў салоне прыгажосці і  наведала канцэрт.

Любоў да музыкі не абмяжоўваецца толькі спевамі. Каця з радасцю бярэ ўрокі ігры на фартэпіяна, а дома замацоўвае вывучанае на сінтэзатары. Іграючы на ​​інструменце, дзяўчынка не можа абысціся без Бетховена, прычым у прамым сэнсе: менавіта на яго тоўстыя зборнікі твораў яна садзіцца, каб дацягнуцца да клавішаў.

– А яшчэ я мару навучыцца граць на гітары, – дзеліцца дзяўчынка.

У малой хапае часу і цярпення для іншых захапленняў, напрыклад, валяння з воўны. Нядаўна дзяўчынка зрабіла бегемоціка-спартсмена для конкурсу «Ідзі за марай», прысвечанага ІІ Еўрапейскім гульням.

Сёлета Каця пойдзе ў школу. Хай яна будзе стараннай і руплівай вучаніцай і працягне развіваць свае таленты.

Фота аўтара.