Сёння ў Маладзечне абітурыенты здавалі цэнтралізаванае тэставанне па матэматыцы. Тэставанне прайшло ў будынаку Маладзечанскага політэхнічнага каледжа.

На матэматыку адведзеныя тры гадзіны. Тэставанне пачалося ў 11:00, а завяршылася ў 14:00.

Ужо не школьнікі, яшчэ не студэнты

З каледжа выходзіць хлопец з усмешкай. Яго завуць Мікіта Харук. Ён скончыў СШ №14, а цяпер здаў другое тэставанне. Мікіта цёпла ўспамінае свой выпускны вечар, які назваў выдатным і з прыгожым феерверкам. Ён упэўнены, што тэставанне здаў добра:

– Здаю матэматыку таму, што ў школе вучыўся ў класе з фізіка-матэматычным профілем. Я пакуль яшчэ не абраў, на якую спецыяльнасць буду паступаць, але дакладна паеду ў Мінск.

У той час, як Мікіта распавядае пра планы на паступленне, да яго падыходзіць сябар. Кірыл Макей таксама здаваў матэматыку, але выйшаў з аўдыторыі значна раней. І ён дакладна ведае, куды сабраўся паступаць:

– Здаў матэматыку як запасны прадмет, таму што больш мне здаваць няма чаго з маім наборам. Я збіраюся ў Акадэмію МУС на факультэт адміністрацыйна-прававая дзейнасць. Гэта прэстыжная і надзейная прафесія з добрым кар’ерным ростам. Зараз змяніўся міністр МУС. Міністр Караеў вельмі суворы, там будзе не вельмі добра, але затое дысцыпліна, бо ён былы вайсковец.

Кірыл Макей і Мікіта Харус пасля тэставання.

«Не збіраюся на дзённае»

Па прыступках каледжа спускаецца дзяўчына. Ганна Феразінская правяла ў аўдыторыі крыху больш за паўтары гадзіны. Дзяўчына скончыла маладзечанскую СШ №12 з сярэднім балам атэстата 9,3. Ганна распавядае карэспандэнту «РГ», што іспыты ў школе былі не цяжкімі, як і ЦТ:

– Я здавала матэматыку, таму што хачу паступаць у БДУФК на спецыяльнасць «Турызм і гасціннасць». Гэта цікавая спецыяльнасць. Не збіраюся на дзённае, паступаць буду на завочнае. Планую працаваць падчас вучобы, але яшчэ дакладна не ведаю, кім і дзе.

Ганна Феразінская пасля ЦТ.

Бацькі чакаюць каля дзвярэй

Пасля пачатку тэставанне прайшло больш за паўтары гадзіны. З дзвярэй каледжа выходзяць абітурыенты, а каля будынку дзяжураць бацькі.

На ганку сядзелі трое мужчын. Яны прыехалі з Астраўца разам з децьмі. У той час, калі сыны здавалі матэматыку, бацькі іх чакалі каля каледжу.

Рамуальд, Канстанцін і Валянцін чакаюць дзяцей.

Рамуальд Масевіч чакае сына Эрнэста. Ён распавёў, што пакуль у сям’і не вызначыліся, куды будзе паступаць сын, але матэматыку здаваць трэба.

Канстанцін Сыс прыехаў разам з Рамуальдам, таксама чакаў свайго сына.

– Матэматыку сын здае таму, што гэты прадмет у яго добра атрымліваецца і ўсюды ён патрэбны пры паступленні. Як здадзім тэст, так і будзем глядзець, куды паступаць. Збіраемся ў былы «наргас», цяпер завецца БДЭУ. Збіраемся ў Мінск, таму што гэта самы аптымальны варыянт, прасцей за ўсё дабірацца і гэта ўсё ж такі сталіца.

Валянцін таксама далучыўся да размовы:

– Мой сын таксама не ведае, куды хоча паступаць. Думае пра Менск, а там ужо гледзячы як пройдзе тэставанне. Магчыма, застанецца ў Маладзечне.

Матэматыка стала чацвёртым прадметам, які здавалі на цэнтралізаваным тэставанні. Наперадзе ў абітурыентаў ЦТ па біялогіі, замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская), хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, Сусветная гісторыя.

• Текст доступен на языке: Русский