Восьмага і дзявятага чэрвеня ў рэгіёне адгулялі выпускныя. А вы ведаеце, як адзначаюць развітанне са школай выпускнікі ў Германіі? Прапануем даведацца і параўнаць.

Па інфармацыі партала adukar.by, святкаваць заканчэнне школы пачынаюць нефармальна яшчэ да выпускных экзаменаў. У гэты час вучні па-сяброўску жартуюць з настаўнікаў, прыходзяць на ўрокі ў смешных касцюмах, сваволяць у школе.

Нефармальнае свята

Напрыклад, быў выпадак, калі тры апошнія дні ў школе ўвесь клас хадзіў у аднолькавых чорных майках. Ззаду на майках быў спіс усяго класа, а спераду падпіс

«Мы ўжывалі школу дзесяць год, але не сталі залежнымі.»

У апошні дзень школьнікі адрываюцца напоўніцу. Рыхтуюцца да сваіх свавольстваў з вечара. Раніцай настаўнікі, якія прыйшлі на ўрокі, бачаць, што школа агароджаная чырвона-белай будаўнічай стужкай.

У самой школе бывае, што ўсе лесвіцы і дзверы заматаныя гірляндамі з паветраных шароў, імі забітыя і тамбуры.

Потым з’яўляюцца «будаўнікі» – увесь выпускны клас прыходзіць у будаўнічай вопратцы. Гэта таксама традыцыя – у апошні дзень апранацца аднолькава, як прадстаўнікі нейкай прафесіі.

І фармальны выпускны

Ужо пасля выпускных экзаменаў ладзяць Abiball – афіцыйную частку выпускнога: урачыстую вячэру і сам баль. Той баль немцы праводзяць гламурна і з шыкам. На ім прысутнічаюць сям’і выпускнікоў. Разам з бацькамі – абавязкова бабулі і дзядулі.

На выпускным вечары ў Германіі, у адрозненні ад нас, піць алкаголь дазваляецца. Бо піва і віно законы краіны дазваляюць ад 16 гадоў, а многім выпускнікам ужо ёсць 18 гадоў і больш.

Вучні самі вырашаюць, будуць яны праводзіць выпускны ці не. У адпаведнасці з гэтым яны павінны паклапаціцца пра своечасовое планаванне і арганізацыю свята.

Як і ў іншых краінах, выпускному ў Германіі ўласцівыя элегантнасць і гламур. Таму самым важным для школьніц з’яўляецца правільна выбраць сукенку. Убор дзяўчаты набываюць у краме або шыюць яго на замову на свой густ.

Афіцыйная частка пачынаецца ў актавай зале школы з уручэння атэстата. Яго атрыманне нямецкія школьнікі адзначаюць як след. Баль часам працягваецца да самай раніцы. А затым на пустых вуліцах горада маладыя людзі сустракаюць світанак і развітваюцца са школай.

У 1970-я гады выпускныя балі былі больш кансерватыўнымі. Напрыклад, танцы для абавязковай у той час танцавальнай часткі вечара развучвалі загадзя.

У Нямеччыне выпускнікі прыдумляюць сабе гімн і эмблему, выдаюць насценгазету пра сябе і свой клас. Кожны выпускнік павінен пакінуць пра сабе памяць, таму на развітанне саджаюць кветкі і дрэвы ў школьным садзе.

Выпускны баль можа каштаваць выпускніку каля дзесяці тысяч еўра. Калі яго арганізуе агенцтва, то цана можа ўзрасці да 20-30 тысяч еўра.

Часам ад традыцыйнага выпускнога школьнікі адмаўляюцца і замест яго ладзяць паездку на некалькі дзён усім класам.

Выпускныя ў нямецкіх ВНУ звычайна менш пампезныя. Чорныя магістарскія мантыі і чатырохкутныя капялюшы па амерыканскім узоры распаўсюджаныя яшчэ не паўсюдна. Дзе-нідзе справа абмяжоўваецца афіцыйным уручэннем дыплома на сцэне і куфлем шампанскага ў калідоры ўстановы.

• Текст доступен на языке: Русский