Загінулая ва ўчарашняй аварыі – 63-гадовая маладзечанка. Кіроўца таксі таксама з Маладзечна

Крымінальную справу аб смяротным ДТЗ распачалі ў дачыненні да таксіста з Маладзечна. На трасе Р28 ён урэзаўся ў маршрутку.

Пра гэта расказала афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог. Аварыя адбылася 17 чэрвеня прыблізна ў 07.15 на 27-м км трасы Р28 паблізу аграгарадка Лашаны Мінскага раёна.

Па дадзеных следства, 22-гадовы жыхар Маладзечна на аўтамабілі Kia службы таксі ехаў у Мінск і не ўлічыў дарожную абстаноўку.

Ён сутыкнуўся з маршруткай, што стаяла на прыпынку. У выніку аварыі 63-гадовая пасажырка-маладзечанка, што ехала на заднім сядзенні ад атрыманых траўмаў памерла на месцы.

Кіроўцу і другога пасажыра легкавіка шпіталізавалі з рознымі траўмамі.

Следчыя працуюць на месцы здарэння. Фота забяспечанае Тацянай Беланог.

Пяць пасажыраў маршруткі атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні і пасля агляду медыкі адпусцілі іх дадому.

– Па выніках першапачатковых следчых дзеянняў Мінскім раённым аддзелам СК у дачыненні да кіроўцы распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 317 КК – парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, – адзначыла Таццяна Беланог.

Следчыя апытваюць ўдзельнікаў здарэння, прызначылі экспертызы.

• Текст доступен на языке: Русский