У межах гервяцкага фэсту, які сёлета прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фацысцкіх захопнікаў, знакаміты ў Беларусі і за яе межамі фотамайстар Валерый Вядрэнка прэзентаваў серыю работ і фотаальбом «Містэрыі Гервят».

Фотавыстава складаецца з трох частак. У першай аўтар знаёміць гледача з мясцовасцю, касцёлам і яго інтэр’ерам. Стылізацыю гэтай часткі вызначае час стварэння храма – пачатак ХХ стагоддзя. У другой частцы аўтар паказвае касцёл у начны час, калі храм пусты, але яго вобразы жывуць сваім адметным жыццём. Трэцюю частку складаюць фотакампазіцыі, прысвечаныя тэмам Евангелля.

Над цыклам фотаздымкаў гервяцкай святыні майстар працаваў больш за 10 гадоў: здымаў храм у розныя поры года і сутак, неаднойчы наведваўся ў Гервяты ў пошуках лепшага ракурсу. Плёнам гэтай тытанічнай работы стаў фотаальбом «Містэрыі Гервят» і аднайменная выстава – адзінае ў межах Беларусі фотапрысвячэнне храму.

Падчас прэзентацыі фотамастак падарыў касцёлу 38 шырокафарматных работ з гэтай серыі, экспазіцыя якіх будзе дзейнічаць у храме пастаянна.

Валерый Вядрэнка і пробашч Гервяцкай парафіі ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас замацавалі гэтую падзею сваімі подпісамі ў сімвалічным акце.

– У мяне было шмат выстаў у розных краінах свету, але ніколі так не хваляваўся, як сёння, – прызнаўся фотамастак. – Мае работы нарадзіліся тут і праз дзесяць гадоў вярнуліся ў свой дом – гервяцкі касцёл. Я дакладна ведаю, адкуль прыходзіць натхненне – гервяцкаму храму я аддаў доўг.

Ксёндз Эльяс Анатоліюс Маркаўскас шчыра падзякаваў фотамастаку і падкрэсліў, што на фотаработы трэба не толькі глядзець вачамі, але і адчуваць іх сэрцам.

Музычным упрыгожаннем фотавыставы стаў міні-канцэрт сталічнага ансамбля «Імпрэза».


Біяграфічная даведка

Фатограф, мастак, публіцыст Валерый Вядрэнка нарадзіўся 19 жніўня 1956 года ў Мінску. Сябар экспертнай камісіі Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў. Аўтар цыкла інтэрв’ю з фатографамі краіны «Сустрэчы з легендамі». Працуе ва ўсіх жанрах фатаграфіі. Аддае перавагу пейзажу і метафарычнаму лічбаваму мантажу, які называе «фотапластыкай». Яго работы знаходзяцца ў дзяржаўных музеях Беларусі, у прыватных калекцыях ў Расіі, Літве, Польшчы, Іспаніі, ЗША. Жыве і працуе ў Мінску.