Стваральнік цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт лічыць, што на беларускім тэставанні па матэматыцы ў абітурыентаў прапушчаны шэраг тэмаў, а само тэставанне патрабуе ўдасканальвання.

Рэпетытар Яўген Лівянт прааналізаваў, якія тэмы сустракаюцца на ўступных экзамэнах у Беларусі, Украіне і Расеі — і заўважыў, што на беларускім цэнтралізаваным тэставанні няма шэрагу тэмаў, якія ёсьць у іншых краінах.

Так, паводле рэпетытара, у Беларусі няма задачаў на наступныя тэмы:

  • Вектары;
  • Вытворныя;
  • Інтэгралы;
  • Тэорыя імавернасці, камбінаторыка;
  • Статыстыка;
  • Геаметрычныя задачы на доказы.

Ва Украіне з гэтага пераліку няма задачаў толькі па статыстыцы, у Расіі — па вектарах ды інтэгралах.

«Я палез глядзець тэст па матэматыцы ва Украіне і быў уражаны якасцю. У Расіі таксама добрыя тэсты, але я пра гэта ведаў раней. Яны ад нас адышлі як па арганізацыі прадметаў, так і па змесьце. А калісьці ў нас было лепш. У Расеі яшчэ да 2014 года можна было спісаць. Кантроль за абітурыентамі, сакрэтнасць — у нас гэтыя пытанні былі вырашаныя даўно. А вось з якасьцю праблемы. У нас колькасць тэмаў скарачаецца кожны год, у нас архаічная частка А (дзе трэба паставіць крыжыкі) і частка Б (дзе трэба ўводзіць адказы). У Расеі ўжо адмовіліся ад часткі, дзе можна выбраць адказы», — кажа Яўген Лівянт Свабодзе.​

«У нашых арганізатараў тэставання няма логікі»

Рэпетытар дадае, што і ў Расеі, і ва Украіне ёсць заданні, дзе трэба напісаць рашэнне. У Беларусі такога няма. Па замежнай мове ў Расіі і ва Украіне ёсць тэсты на аўдыяванне і вымаўленне.

«У нашых арганізатараў тэставання няма логікі, гэта проста недзеяздольнасць. Часткі гэтых тэмаў няма і ў беларускай школьнай праграме па матэматыцы. Частка ёсць для школ з паглыбленым вывучэннем. Калі мы возьмем польскі ўступны экзамэн па матэматыцы, то алгебра будзе нашмат больш складаная, чым у Расіі ды Украіне. Я б не шукаў логікі ў нашых чыноўнікаў ад адукацыі, яе проста няма», — падсумоўвае Яўген Лівянт.

Цяпер у Беларусі праходзіць цэнтралізаванае тэставанне, якое служыць уступным экзамэнам ва ўніверсытэты.

• Текст доступен на языке: ruРусский