Дапытлівы наведнік архітэктурных помнікаў звяртае ўвагу на любыя дробязі, якія знаходзяцца на даследаваных пабудовах. Яны з’яўляюцца не толькі каштоўнымі памяткамі мінулага, але таксама нагадваюць аб падзеі, з нагоды якой былі ўсталяваныя.

Доўгі час не мог зразумець прызначэнне прымацаваных да падмуркаў невялікіх металічных знакаў. Асабліва цікавілі сярод іх знакі з надпісам “Znak wysokosci. M.R.P.” і выявай арла пасярэдзіне. Раскрыць таямніцу дапамаглі краязнаўцы з Брэсцкага рэгіёна, якія падзяліліся каштоўнай інфармацыяй па дадзенай тэматыцы і прапанавалі прыняць удзел у даследаванні аналагічных аб’ектаў на тэрыторыі былой Віленшчыны.

У выніку захапляльнага геапошуку, які мае навамодную назву бенчмаркінг, адкрылася яшчэ адна малавядомая старонка нашай гісторыі.

Металічныя маркеры вышыні

Для дакладнага вымярэння вышыні пунктаў зямной паверхні адносна ўзроўню мора служыць нівелірная сетка. З яе дапамогай выконваюць розныя інжынерныя і будаўнічыя работы. Яна выкарыстоўваецца для тапаграфічных здымкаў мясцовасці. Складаецца такая сетка з уцэментаваных у сцены будынкаў металічных маркераў вышыні ці геадэзічных сценных рэпераў.

Іх можна заўважыць на цокальнай частцы Ашмянскага і Гальшанскага касцёлаў, на контрфорсе пры ўваходзе ў Сольскі касцёл, на мемарыяльным помніку нямецкага вайсковага могільніка ў Дзясятніках.

Да нядаўняга часу захоўваўся рарытэтны геадэзічны знак на падмурку Жупранскага касцёла, але пры апошнім наведванні святыні не быў заўважаны. Вонкавая частка рэпера ўяўляе сабой металічны дыск дыяметрам у сем сантыметраў з паўкруглым выступам зверху, на які мацуюць нівелірную рэйку пры правядзенні вымяральных работ.

Знак вышыні.
Знакі вышыні M.R.P. і P.N.

На паверхні балта, такую назву таксама мае гэты знак у польскамоўных крыніцах, размешчаны тагачасны дзяржаўны гербавы арол і надпіс, пераклад і расшыфроўка скарачэнняў якога  азначаюць: «Знак вышыні. Міністэрства грамадскіх работ».

Верагодна, многія знакі не захаваліся

З публікацыі «У справе нівелірных знакаў», змешчанай у «Ведамасцях Віленскай архідэацэзіі» ад 25 сакавіка 1929 года, стаў вядомы час пачатку работ па ўмацаванні знакаў. Канцлер курыі, ксёндз Савіцкі, даводзіў інфармацыю да пробашчаў касцёлаў Віленшчыны, што Міністэрства грамадскіх работ па меры правядзення нівелірных работ будзе падаваць да ведама спісы касцёлаў і касцельных будынкаў, на мурах якіх будуць убудаваныя рэперы.

Давалі таксама супакаяльнае тлумачэнне аб тым, што каля рэпераў не будуць знаходзіцца ніякія надпісы і табліцы.

А так як знакі маюць невялікія памеры, то яны не стануць прычынай знявечання і пашкоджання сцен ці цокаляў муроў хрысціянскіх святыняў.

Цалкам верагодна, што аналагічныя рэперы знаходзіліся на іншых рэгіянальных помніках дойлідства, але складаныя часы ў лёсе рэлігійных святыняў і пазнейшае аднаўленне іх не захавалі да нашых дзён на мурах храмаў даўнейшыя польскія знакі.

Разам з тым, на падмурках касцёлаў у Астраўцы, Барунах, Вілейцы, Вішневе, Жодзішках, Жупранах, Ашмянскай царкве і, напэўна, у іншых мясцінах, можна заўважыць геадэзічныя кантрольныя пункты з савецкага мінулага, якія таксама з’яўляюцца каштоўнымі гістарычнымі памяткамі.

Ваданапорная вежа станцыі Залессе.
Ашмянскі касцёл.
Мост каля Смаргоні.

42 рэперы ад Маладзечна да Літвы

Пасля ліквідацыі Міністэрства грамадскіх работ ад 1 ліпеня 1932 года ўсе работы па нівеліраванні прадоўжыла Міністэрства камунікацый. У гэтым і наступным годзе правялі прэцызійнае ці высокадакладнае нівеліраванне па чыгуначнай лініі Нова Вілейка – Маладзечна.

Для вымярэння гэтай лініі нівелірнай сеткі выкарыстоўвалі “цэйсаўскія” інструменты, кожны прамежак паміж двума рэперамі вымяралі як у адзін, так і другі бок. Пры магчымасці, вымярэнні праводзілі ў розныя дні і розны час дня.

Рэперы ўмацоўвалі на апорах чыгуначных мастоў і віадукаў, падмурках будак чыгуначных аглядчыкаў, сценах вакзальных памяшканняў і іншых мураваных станцыйных будынках.

На ўчастку чыгункі ад сучаснай Дзяржаўнай мяжы з Літвой да Маладзечна заклалі 42 рэперы: 33 сцянныя рэперы ў выглядзе балта, 8 таблічкавых рэпераў і адзін нівеліцыйны камень з клёпкай і падземным балтом.

Для нас цікавым з’яўляецца той факт, што балтавы рэпер захаваў сваю ранейшую форму і выгляд, акрамя адной змены. Замест надпіса «M.R.P.» ужылі надпіс «P.N.», што ў перакладзе расшыфроўваецца як «прэцызійнае нівеліраванне».

Пазнаёміцца з такімі знакамі можна на некалькіх чыгуначных мастах, на падмурках вакзальных будынкаў станцыі Ашмяны і Пруды, на воданапорнай вежы станцыі Залессе. Апошні пункт пашчасціла адшукаць з трэцяй спробы, бо ён быў часткова схаваны зямлёю і таму знаходзіўся не на звыклым месцы.

Помнік у Дзесятніках.
Касцёл у Жодзішках.

Таблічныя знакі

Пры правядзенні высокадакладнага нівеліравання чыгуначнай лініі ўжывалі таксама рэперы ў выглядзе таблічак у латуннай аправе. Закладзеныя яны былі ў сцены трывалых станцыйных будынкаў на вышыні 1,80 метра над зямлёй. Пунктам адліку вышыні ў такіх рэперах з’яўляецца адтуліна пасярэдзіне, у якую ўстаўляюць шпільку і чапляюць спецыяльную рэйку для вымярэнняў.

Такія таблічныя знакі захаваліся на будынках чыгуначных станцый у Гудагаі і Прудах, на жылых дамах чыгуначнікаў паўстанка Беласельскі і побач з вакзалам на станцыі Солы.

Некалькі разоў рабілі спробы знайсці і аднавіць месца фундаментальнага каменнага рэпера з клёпкай і падземным балтом, які быў закладзены недалёка ад Гавуцеўскага пераезда, але пакуль што пошукі былі безвыніковымі.

У 1935 годзе праводзілі памеры па чыгуначнай лініі Маладзечна–Крулеўшчына. Як стала вядома апошнім часам, у Вілейцы з таго часу захаваўся болт на будынку мясцовага чыгуначнага вакзала, а на сцяне воданапорнай вежы існуе таблічны рэпер. Такія ж два таблічныя рэперы ў горадзе былі прымацаваныя да сцяны касцёла з боку былой вуліцы 3-га Мая, і да сцяны тагачаснага будынка акруговага суда. Лёс іх пакуль нявысветлены.

Станцыя Гудагай.
Сольскі касцёл.

Рэперы сталі гістарычнай каштоўнасцю

Яшчэ раней, у 1933 годзе, заклалі рэперныя знакі па чыгуначнай лініі Маладзечна–Ліда. Вывучаючы сучасны стан захаванасці рэпера на ўчастку чыгункі, якая праходзіць па тэрыторыі Смаргонскага раёна, удалося ўзнавіць яго месцазнаходжанне. Прымацаваны ён да апоры моста праз раку Краўлянку. Усе іншыя знакі, унесеныя ў «Каталог вышынь Міністэрства камунікацый» за 1939 год, гэтай лініі, як і папярэдняй, патрабуюць далейшага вывучэння і чакаюць сваіх даследчыкаў.

З развіццём новых высокадакладных тэхналогій вымярэнняў геадэзічныя пункты, у тым ліку і сценныя рэперы, паступова страчваюць сваё значэнне.

У гэтай сувязі яны павольна, але ўпэўнена знікаюць пры зносе будынкаў ці рэканструкцыі камунікацый, іх затынкоўваюць ці пакрываюць іншым матэрыялам.

Станцыя Пруды.

Рэперы на чыгунцы не выкарыстоўваюцца ў сённяшняй нівелірнай сетцы, так як адлічваюць вышыню адносна ўзроўню Паўночнага мора ў Амстэрдаме, а не ад прынятай у краіне Балтыйскай сістэмы вышынь, адлік якіх вядзецца ад нуля Кранштацкага футштока.

Але не маючы ранейшага практычнага выкарыстання, міжваенныя рэперы захоўваюць значную гістарычную каштоўнасць. Сваім існаваннем  нагадваюць пра мінулыя геадэзічныя работы, з’яўлюцца помнікамі развіцця навукі, а мы павінны беражна да іх адносіцца.