У трэцюю суботу чэрвеня ўжо традыцыйна майстры і рамеснікі збіраюцца ў Камарова Мядзельскага раёна.

Менавіта тут ладзяць выставу-кірмаш “Камарова – кола дзён”, якая ў 13-ы раз сёлета стала святам і для гасцей, і для мясцовых жыхароў.

– Паглядзіце на фота Нарачы 30-х гадоў. 15 яхт на Нарачы! А цяпер добра, калі адна. Каб былі турысты, трэба прывабліваць іх рухам, каб нешта адбывалася. Жыхарам вёскі складана вывесці тавары на экспарт, – расказвае мясцовы жыхар і дырэктар бізнес-інкубатара ў Камарове Эдуард Вайцяховіч. – Таму мы зайшлі па-іншаму, запрашаем турыстаў сюды, да сябе, каб тут яны набывалі нашу прадукцыю. Некаторыя майстры, напрыклад, па мэблі, прывозяць некаторыя узоры, альбомы. Казалі, што за адзін дзень кірмаша набіралі заказаў на год наперад.

Кірмаш ладзіць Мядзельскі райвыканкам разам з “БІКамарова” і таварыствам “Экапартнёрства” пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза і амбасады ЗША.

Эдуард Вайцяховіч.

Як Камарова стала паспяховым

Камарова – асаблівае мястэчка. У 19 стагоддзі маёнткам валодаў род графа Старжынскага. Пасля 1939 года будынкі былі без гаспадара. Але затым менавіта ў іх размясціўся сельскагаспадарчы каледж, якім кіраваў Эдуард Вайцяховіч. У 2015 годзе каледж спыніў працу. Але другое дыханне мястэчка атрымала менавіта дзякуючы намаганням Вайцяховіча і камандзе яго аднадумцаў.

Яны змагаюцца за тое, каб не толькі захаваць будынкі, але і развіваць мястэчка. Панскі парк яны добраўпарадкавалі так добра, што ў 2005 годзе перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе Мінпрыроды. І захавалі дрэвы, якім не адно стагоддзе. Сама ж сядзіба цяпер без гаспадара. Спробы актывістаў атрымаць яе ва ўласнасць і таксама добраўпарадкаваць пазітыўнага рашэння ад уладаў не атрымліваюць.

Тут ёсць вадаём, ля якога можна знайсці вінаградных смаўжоў. Іх прывез яшчэ Старжынскі.

– Яшчэ дзесяць гадоў таму мясцовыя жыхары памяталі даваенныя часы і расказвалі, як тут жылі, як усё працавала, прыгадвае Вайцяховіч. – Усе заўсёды захапляліся парадкам – як было прыгожа і хораша.

Цяпер жа парадак ствараюць мясцовыя актывісты. Яны змаглі атрымаць фінансаванне ад Еўрасаюза і амабасады ЗША на працу школы вясковага бізнеса. Бюжэт праекта 588 тысяч еўра. Гэтыя сродкі пайшлі на працу бізнес-інкубатара, які вучыў прадпрымальніцтву. А таксама на патрэбы прадпрымальнікаў – абсталяванне для іх бізнесаў.

Дзякуючы бізнес-інкубатару ў краі пабольшала прадпрымальнікаў, а іх супольнасць стала моцнай. Вось і на кірмашы ў Камарове выпускнікі бізнес-інкубатара разам са сваёй прадукцыяй былі разам.

Ад смаўжоў да драўляных вокнаў

Пад адным навесам размясціліся выпускнікі бізнес-інкубатара. Усе яны адзначаюць, што атрымалі ў асобах былых аднагрупнікаў калег і сяброў. Важна, калі ёсць да каго звярнуцца за парадай і дапамогай. Нярэдка падказваюць адзін аднаму кліентаў.

Такая згуртаванасць спрыяе таму, што бізнесмены становяцца не канкурэнтамі з пазіцыяй “абы ў суседа карова здохла”.

Гэта супольнасць людзей, якія рады поспехам калег, і агульная падтрымка робіць усіх уключаных у групу моцнай супольнасцю.

Алена і Юры Трыбулевы – адны з выпускнікоў “БІКамарова”. Яны прыехалі з хутара Чара Астравецкага раёна. Муж і жонка займаюцца экатурызмам і аздараўленнем з дапамогай гукавога масажа. Алена захапляецца афрыканскімі смаўжамі ахаціна, якіх прадавала на кірмашы. Многіх гасцей зацікавіла экзотыка. Ахаціна патрэбуюць простага догляду – невялічкая скрынка з некалькімі адтулінамі для свежага паветра, мох і зеляніна. Калі ім ежы не хапае, яны спяць.

Смаўжоў гэтага віда не ядуць, яны здымаюць стрэс і напружанне.  Трэба памыць рукі, і пасадзіць на руку смаўжа. Ён выпаўзае з доміка. Калі поўзае, то добра расслабляе рэцэптары, з’ядае мёртвы эпітэлій і вылучае муцын – каштоўнае рэчыва. Прапануюць такога смаўжа класці на месца парэза або ўкуса, каб хутка загаілася.

Калі хтосьці цэлы дзень працуе за камп’ютарам, можа зрабіць сапраўдны сеанс расслаблення, а скура ідэальна гладкая.

Святлана Сенкавец з Паставаў год таму прачытала ў інтэрнэце аб наборы ў бізнес-інкубатар, падалася – і ўсё атрымалася. Яе муж Васіль вырошчвае грэчку, Святлана перапрацоўвае збожжа ў крупу. Яны партнёры. Жанатыя 13 год, маюць траіх дзяцей – Кацярына, Елісей і Глікерыя. Старэйшая Каця дапамагае ў асноўным тым, што даглядае малодшых дзетак, калі бацькі працуюць.

Ад Еўрасаюза Сенкаўцы атрымалі 9200 еўра, якія накіравалі на абсталяванне. Прадукцыю пастаўляюць у адну з сетак крамаў.

Кажуць, выглядаюць так добра таму, што ядуць такія карысныя крупы без тэрмаапрацоўкі – зялёную грэчку. Менавіта таму яна захоўвае ўсе карысныя рэчывы.

Драўляныя цацкі многія бацькі цэняць за экалагічнасць. Дзмітры Івашанка з Астравеччыны сам бацька траіх дзяцей. Таму і вырашыў, што вось яна, ніша – экалагічныя цацкі, якія пакідаюць шмат месца для фантазіі маленькіх гаспадароў.

Вераніка Шчуроўская з Залесся на Смаргоншчыне пабудавала бізнес на вышыўцы. Яна робіць і мастацкія карціны, і рушнікі, абрадавыя наборы для хрышчэння, сумкі.

Аляксандра Чыжэўская таксама прыехала з Залесся. Ведаючы сучасны трэнд на экалагічнасць, жанчына запусціла выраб драўляных вокнаў.

Чаму менавіта Камарова

Пакуль Вайцяховіч на кірмашы расказвае нам пра мястэчка, з ім пастаянна вітаюцца. А за вочы кажуць, што паднялося Камарова толькі дзякуючы яму. У спадара Эдуарда двое сыноў. Малодшы працаваў у сусветнай ІТ-кампаніі, але з сям’ёй вярнуўся ў Камарова.

Цяпер Вайцяховічы разам займаюцца сямейнымі бізнесамі – аграсядзібай, кафэ, магазінам, пякарняй. І дапамагаюць іншым стаць моцнымі прадпрымальнікамі.

– Мая мэта – паказаць, як можна быць паспяховым у вёсцы, – тлумачыць Вайцяховіч. – У нас ёсць шмат добрых спецыялістаў з адукацыяй, але як кіраваць працэсамі? Я з захапленнем глядзеў на немцаў, як у іх наладжаны менеджмент. Тут у нас слабое месца, і гэтаму трэба вучыцца. Мару адкрыць тут ІТ-кампанію. Ведаю і дзе заказы браць. І праграмісту, і любому іншаму ж прыемней працаваць на прыродзе, чым на дзясятым паверсе душнага офіса. А захацеў – 80 кіламетраў да віленскага аэрапорта. У вёсцы можна жыць нашмат лепш і прыемней, чым у горадзе.

Што вязуць з Камарова

Што б госці не набывалі ў Камарове, усе раяць абавязкова захапіць галоўны мясцовы гасцінец – хлеб з мясцовай пякарні.

Пякуць хлеб проста насупраць крамы, дзе пасля прадаюць. Яшчэ цёплым яго бяруць з паліц і вязуць дамоў як часцінку гэтага асаблівага месца.

Як працаваў бізнес-інкубатар у Камарове

Камарова стаў цэнтрам падтрымкі мясцовых прадпрымальнікаў. Ахвотныя распачаць сваю справу маглі тут гэтаму навучыцца, атрымаць кансультацыі і нават фінансавую падтрымку.

У праекце маглі ўдзельнічаць жыхары Мядзельскага, Астравецкага, Смаргонскага і Пастаўскага раёнаў. Навучанне бізнес-планаванню і маркетынгу прайшлі 60 чалавек, якія вучыліся ў некалькіх наборах.

Падтрымку ад 2 да 10 тысяч еўра атрымалі самыя перспектыўныя ідэі выпускнікоў школы. Тры з іх на Астравеччыне, пяць на Мядзельшчыне, дзевяць на Смаргоншчыне і сем на Пастаўшчыне.

• Текст доступен на языке: Русский