– Па матчынай лініі мае родныя гралі на балалайках, па бацькавай – на гармоніках. Мой лёс быў прадвызначаны, – кажа дырыжор, кіраўнік аркестра рускіх народных інструментаў Маладзечанскага музкаледжа імя Агінскага Тамара Бялькова.

Сёлета сорак год яе творчай дзейнасці, і 60 – музычнаму калектыву, якім кіруе.

Трапіла ў добрыя рукі выкладчыка

У пасёлку Крупскі, што на Крупшчыне, музычнай школы не было. Але быў баян, які мама ў камесійнай краме набыла брату. У хлопчыка з музыкай не склалася.

Калі восем год споўнілася Тамары, мама-настаўніца адвяла яе ў музычную школу ў райцэнтр за пяць кіламетраў.  А праз пару год  школьніцу ўжо запрашалі акампаніятарам у мясцовы сельскі дом культуры.

Музычную школу дзяўчынка скончыла сямікласніцай, а ў вучылішча бралі з васьмі. І тут на вочы трапілася аб’ява пра набор у сярэднюю школу пры кансерваторыі. Туды бралі ў восьмы клас.

Так у 13 гадоў дзяўчынка паехала жыць і вучыцца ў сталіцу.

– Там я трапіла ў добрыя рукі да выкладчыка па класу баяна Роберта Назаранкі. Вучылася ў яго дзевяць год. Спачатку – у школе. А потым, у 1974 годзе, перайшла праз дарогу ў кансерваторыю.

Студэнткай пачала вывучаць дырыжыраванне. Выкладаў дысцыпліну прафесар Міхаіл Казінец, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча, ураджэнец Вілейшчыны.

Да сёння былая вучаніца ў добрых адносінах з прафесарам, наведвае яго канцэрты, запрашае на свае.

У Маладзечна – з чырвоным дыпломам

Пасля заканчэння кансерваторыі ў 1979 з дыпломам з адзнакай выпускніца пад час размеркавання абрала Маладзечанскае музвучылішча. Гэта Міншчына, а значыць, бліжэй да мамы.

Маладая выкладчыца, працягваючы традыцыі любімага настаўніка Роберта Назаранкі,  стала з поўнай аддачай ствараць свой клас баяна. Цяпер ужо яе добрыя рукі траплялі музыканты-пачынальнікі.

Але гэта была толькі палова педагагічнай нагрузкі. Па ініцыятыве дырэктара вучылішча Эдуарда Кірыленкі Тамара Бялькова атрымала ў кіраўніцтва аркестр рускіх народных інструментаў.

За сорак год аркестр чатыры разы станавіўся лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу аркестравых і харавых калектываў ССНУ культуры і мастацтваў.

У 1991 годзе – уладальнікам першай прэміі конкурсу. Гэтай перамогай дырыжор Бялькова ганарыцца асабліва:

– Я ўстала на адну прыступку з музыкантамі, якімі захаплялася. У ліку пераможцаў былі аркестры рускіх народных інструментаў з Віцебскага вучылішча пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Тамары Шафранавай і Магілёўскага вучылішча на чале з  аўтарытэтным дырыжорам, дырэктарам вучылішча  Леанідам Івановым.

А ў 2002 годзе калектыў бярэ на гэтым конкурсе Гран-пры сярод сарака аркестраў.

За нотамі – да прафесара Някрасава ў Маскву

Завязваюцца цікавыя знаёмствы. Добрае сяброўства склалася з дырыжорам, прафесарам  Рускай акадэміі музыкі імя Гнесіных, галоўным дырыжорам Акадэмічнага аркестра рускіх народных інструментаў Усерасийскай дзяжаўнай тэле- і радыёкампаніі, народным артыстам СССР Мікалаем Някрасавым.

З прафесарам Мікалаем Някрасавым.

– Было цяжка знайсці ноты. Таму я ездзіла ў Маскву да Мікалая Мікалаевіча, ён дазваляў браць ноты з бібліятэкі. Там жа перапісвала. Вельмі ганаруся гэтым сяброўствам, што доўжылася да канца жыцця Някрасава, да 2012 года.

Шмат для аркестра кіраўнік рабіла за свой кошт. Два праекты Тамары Бяльковай прафінансавала Міністэрства культуры. За тыя грошы набылі домру, гуслі і пашылі касцюмы музыкантам.

А вы ведаеце, як гучаць вадаправодныя трубы?

Адзін інструмент стварылі самі. Для выканання «Вячэрняга звону» спатрэбіліся званы. Набыць спецыяльныя не маглі. Праблему вырашылі так:

– Даведалася, што званы можна зрабіць з вадаправодных труб. Чым карацейшая труба, тым вышэйшы гук. Муж сяброўкі знайшоў на будоўлі трубы.  Пайшлі ў фірму, дзе іх рэжуць на станку. З трубамі і з баянам. Бо трэба ж было праверыць, якая нота гучыць на абрэзанай трубе. Кавалкі труб павесілі на жалезны турнік. І падчас выканання п’есы музыкант стукаў па самаробных званах малаточкамі. Публіка была ў захапленні.

Немцы пелі нашу “Купалінку”

Дзякуючы Тамары Бяльковай у Маладзечна прыязжаюць музыканты, каб паіграць у суправаджэнні народнага аркестра.  У 2018 маладзечанцы слухалі лаўрэата беларускага, ўсерасійскіх і міжнародных конкурсаў, выкладчыка акадэміі музыкі Гнесіных, першую дамрыстку Расіі Кацярыну Мачалову. Яе ўразіў узровень вучнёўскага калектыву, бо іх сумесныя выступленні паспяхова прайшлі пасля адной сумеснай рэпетыцыі.

А сёлета гасцямі Беларусі сталі дзяўчынкі-гусляршы Вольга Бірукова і Анастасія Максімава з музычнай школы імя Глінкі горада Усевалажска Ленінградскай вобласці. Канцэрт прайшоў паспяхова, аб чым сведчылі апладысменты і воклічы «Брава!»

Аркестр падчас выступлення.

Шмат гадоў дырыжор ладзіць для сваіх музыкантаў паездкі на міжнародныя музычныя фестывалі і па запрашэнні замежных сяброў. Неаднаразова былі ў Германіі, дзе пад маладзечанскі аркестр пеў нямецкі хор. Для такіх выступленняў немцы развучылі песні «Купалінка» і «Ой, сівы конь бяжыць».

Пасля аднаго з канцэртаў у Германіі арганізатар прапанаваў спадарыні Тамары выбраць у краме падарунак.

Дырыжор абрала бубенчыкі для свайго аркестра замест магчымых французскіх духоў.

Калі музыканты едуць за мяжу, кіраўнік стараецца, каб было шмат экскурсій. За адну паездку наведваюць  некалькі краін. У 2014 былі ў гарах Альпах, гарадах Празе, Зальцбургу, Вене.

У 2015 – у Парыжы, Берліне, Кёльне і Дрэздэне. А ў 2016 атрымалі Гран-пры на конкурсе ў Браціславе. Былі ў Будапешце і Лейпцыгу. У 2017 пазнаёміліся са сталіцамі краін Балтыі. Двойчы ездзілі ў Санкт-Пецярбург.

Побач з Піцерам, у горадзе Усевалажску, у музычнай школе дырэктарам працуе аднакласніца Тамары Бяльковай Людміла Бяганская. Па яе запрашэнні аркестр двойчы зладзіў канцэрты і там. А для сваёй аднакласніцы, як напамін пра радзіму, сыгралі п’есу «Вяртанне да спадчыны». Плакалі ўсе.

–  Уявіце, што бачылі мае дзеці! Блукалі па мясцінах Моцарта, пакланіліся магілам Баха, Чайкоўскага і Глінкі, падарожнічалі на цеплаходзе па Дунаі. У падарожжах заўсёды так прыемна чуць, як мае музыканты ледзь не крычаць ад захаплення: дзякуй, Тамара Уладзіміраўна, што вы нас сюды прывезлі!

Былая вучаніца: нам дастаткова было аднаго яе позірку

Пра выкладчыцу кажа Ганна Семішова, лаўрэат рэспубліканскага, усерасійскіх і міжнародных конкурсаў, дырыжор, канцэртмайстар і артыст аркестра рускіх народных інструментаў Тамбоўскай філармоніі:

– З Тамарай Уладзіміраўнай пазнаёмілася ў 1993 годзе, калі паступіла ў Маладзечанскае музвучылішча. Цяпер бачу, што ў ёй нічога не памянялася: талент, мэтанакіраванасць, воля, бясконцая працаздольнасць. Для мяне Тамара Уладзіміраўна – эталон у працы. Памятаю рэпетыцыі, на якіх мы адпрацоўвалі кожную дэталь.

На канцэрце было дастаткова аднаго яе позірку, каб нашы рукі ігралі лепш, чым мы маглі ўявіць.

Сваім прыкладам яна навучыла мяне працаваць з аркестрам. І цяпер натхняе на творчасць.

Настаўніца з Маладзечна: ад узмаху чароўнай палачкі нараджаецца пазітыў

А гэта водгук прыхільніцы з Маладзечна, настаўніцы Іны Ларынай:

– Калі бачу афішу чарговага канцэрта, загараюся радасцю сустрэчы з мастацтвам. Дзякуючы таленту педагога, Тамара Бялькова гадуе з музыкантаў-пачынальнікаў прафесійны калектыў. У іх атрымліваюцца і народныя песні розных краін, і класіка.

Слухачы атрымліваюць пазітыў, што нараджае ўзмах чароўнай палачкі Тамары Бяльковай.

Дзякуй вам за цяжкую працу і радасць, што дорыце гледачам.