Фото kp.ru.

22 чэрвеня пара са Слуцка зарэгістравала шлюб. А той жа ноччу падчас святкавання вяселля нявеста скончыла жыццё самагубствам.

«Наша Ніва» высветліла падрабязнасці трагічнай гісторыі.

Пара пазнаёмілася прыкладна з год таму на Тройцу ў агульнай кампаніі дзякуючы сябру жаніха.

Вядома, што для 37-гадовай жанчыны гэта быў чацвёрты шлюб. Ад першага мужа яна мела дваіх дзяцей. Ад двух наступных — яшчэ па адным дзіцяці.

Працавала жанчына то тут, то там: тэхнічкай у школе, паштальёнкай…

Цяперашні муж быў значна маладзейшы — прыкладна на 10 гадоў.

«Я з ёй апошнім часам мела не вельмі блізкія зносіны. Але А. заўсёды была вельмі жыццялюбівым чалавекам. Любіла кампаніі, любіла і выпіць — але не магу сказаць, каб у яе былі праблемы з алкаголем, — расказвае пра жанчыну яе сяброўка. —

Таму ў суіцыд верыцца з цяжкасцю. Але раней, па маладосці, яна рабіла спробы, на руках і па сёння засталіся шнары»

Іншыя знаёмыя сям’і кажуць, што спробы суіцыду былі не толькі па маладосці.Нібыта жанчына скардзілася, што надакучылі пастаянныя фінансавыя праблемы: пазыкі, крэдыты…

Што стала прычынай учынку на вяселлі, сказаць цяжка. Жанчына не пакінула перадсмяротную запіску.

Вядома толькі, што вяселле адзначалі дома ў маладых. Былі і дзеці нявесты. Каля гадзіны ночы яна ўжо падвыпіла, пачала скандаліць непасрэдна за сталом, злавацца і сварыцца.

Пасля ўсе госці выйшлі на вуліцу: ці то пакурыць, ці то правесці кагосьці. Алена засталася ў доме.

Праз пару хвілін у доме раптам выключылася святло. Спачатку падумалі, можа, жанчына вырашыла спыніць святкаванне і пайсці спаць.

Але калі вярнуліся ў дом, сын-падлетак знайшоў цела маці.

Версію з забойствам не разглядаюць, ніякіх прычын не было. Некаторыя грашылі на мужа. Маўляў, падазрона: надта малады, але ўзяў жанчыну з чатырма дзецьмі. Але цяпер, кажуць, мужчына зусім забіты горам.

Ёсць версія, што Алена хацела напужаць сваякоў, разлічвала, што і ў гэты раз яе выратуюць. Але ўсё пайшло не па плане, і адбылася бяда.

Пахаваюць Алену у панядзелак.

• Текст доступен на языке: Русский