Абляпіха свежазамарожаная вытворчасці астравецкай фермерскай гаспадаркі «Світанак Л» стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Прадукт года».

Фермерская гаспадарка «Світанак Л» і яе няўрымслівы гаспадар Часлаў Лабачэўскі вядомы далёка за межамі краіны. Фермер займаецца вырошчваннем саджанцаў і пладоў многіх фруктовых дрэў і кустоў.

Апошняе сур’ёзнае захапленне Часлава Станіслававіча – вырошчванне і рэалізацыя саджанцаў і ягад абляпіхі, сапраўднай скарбніцы вітамінаў і карысных мікраэлементаў. Каштоўную ягаду ў яго закупляюць буйныя гандлёвыя сеткі, прыватныя прадпрымальнікі і ўсе жадаючыя. З саджанцаў Лабачэўскага закладзены абляпіхавыя сады ў Польшчы і многіх раёнах Беларусі.

Часлаў Лабачэўскі. Фота ostrovets.by

А сёлета астравецкі фермер прадставіў сваю свежазамарожаную абляпіху на аўтарытэтны конкурс «Прадукт года». Ацаніўшы яе вартасці: смак, якасць, карысныя ўласцівасці, аўтарытэтнае журы прызнала абляпіху свежазамарожаную прадуктам года.

Часлаў Лабачэўскі атрымаў дыплом, які дае права выкарыстоўваць адпаведны знак – па сутнасці, знак якасці! – пры яе рэалізацыі.