Трэцяга ліпеня ў Смаргоні правядуць адборачны этап сямейнага фестывалю «Тата, мама, я – футбольная сям’я!».

Арганізатары запрашаюць сем’і не толькі са Смаргоншчыны, але і з Ашмянскага, Астравецкага, Вілейскага, Валожынскага раёнаў.

– Магчыма і з Маладзечна хто зацікавіцца, хоць наколькі ведаю там свой этап павінен праходзіць, – кажа адзін з арганізатараў Уладзімір Амбрасевіч.

Для ўдзелу ў фестывалі неабходна атрымаць згоду як мінімум трох членаў сям’і – бацькі, маці і аднаго дзіцяці (чым больш вашых дзяцей прыме ўдзел, тым больш у вас шанцаў на перамогу) і запоўніць заяўку на сайце www.fc-smorgon.by.

Тэлефон для даведак: + 375-33-390-19-98

Фестываль праходзіць пад эгідай Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і пры партнёрстве ЮНІСЕФ. Тры лепшыя сям’і атрымаюць пуцёўку ў Рэспубліканскі фінал.

Удзельнікі, акрамя непасрэдна ўдзелу ў футбольных гульнях, акунуцца ў атмасферу сапраўднага сямейнага свята з шматлікімі падарункамі, кубкамі, медалямі і прызамі ў выглядзе фірмовых маек і футбольных мячоў, абяцаюць арганізатары.

Фармат правядзення фестывалю застаецца ранейшым. Будуць арганізаваны міні-турніры па футболе ў групах: сярод татаў, сярод мам, сярод дзяцей 5-7 гадоў, 8-10 гадоў, 11-13 гадоў і 14-17 гадоў.

Кожны член сям’і ў залежнасці ад занятага месца сваёй каманды ў групе будзе прыносіць ачкі ў сямейную скарбонку. Такім чынам і будуць вызначацца лепшыя футбольныя сям’і.

 

• Текст доступен на языке: Русский