Помнік беларускаму песняру ўстанавілі сёння ў Сіаньскім універсітэце замежных моў.

Студэнты ўніверсітэта, што абралі беларускую мову як спецыяльнасць, падрыхтавалі творчую праграму. У тым ліку дэкламавалі вершы Янкі Купалы на беларускай і кітайскай мовах.

Вось фотаздымкі з імпрэзы:

Маладзечанскія мары

Між тым маладзечанцы чакаюць помніка амаль дзесяць год.

Планы па ўсталяванні помніка класіку агучылі ў межах падрыхтоўкі да рэспубліканскіх “Дажынак”, у 2010 годзе. На пашыранай нарадзе аблвыканкама тады ўпершыню прапанавалі ўсталяваць помнік у цэнтры горада. Меркавалася, што яго паставяць у скверы, дзе цяпер размешчаны фантан “Папараць-кветка”.

Скульптар Валяр’ян Янушкевіч стварыў макет помніка. Ён выглядае вось так:

Не ўсе мары і планы па паляпшэнні горада да “Дажынак” увасобіліся. Адным з такіх пунктаў стаў і помнік Янку Купалу. Мы нагадвалі пра гэта ў публікацыі ў 2012 годзе, дзе падсумоўвалі, што з важных дажыначных планаў не стала рэальнасцю. Сярод іх – помнік песняру.

З таго часу пытанне пра помнік песняру стала фірменным ад “Рэгіянальнай газеты”. І ў адказ мы атрымлівалі нават канкрэтныя па тэрмінах абяцанні.

У 2012 Маладзечна сустракала ўжо абласныя “Дажынкі”. Тады на пасадзе старшыні Мінскага аблвыканкама стаяў Барыс Батура. Журналісты “Рэгіянальнай газеты” задалі яму пытанне, калі ж помнік з’явіцца. Чыноўнік адказаў, што праз некалькі месяцаў, у снежні. Вось відэа таго каментара:

Калі сказалі, што няма грошай. І колькі трэба

“Рэгіянальная газета” вярнулася да пытання ў 2013 годзе. Тагачасны кіраўнік аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Рамановіч так патлумачыў сітуацыю:

“Праект помніка скульптара Валяр’яна Янушкевіча гатовы, прайшоў экспертызу. Але на яго рэалізацыю цяпер у бюджэце сродкаў няма. А неабходна адзін мільярд дзвесце тысяч рублёў (заўвага аўтара – недэмінаваных).”

Мы спыталіся, а што, калі прапанаваць жыхарам сабраць грошы на гэты праект. На гэта быў такі адказ:

“На помнік Агінскаму, які цяпер стаіць каля музкаледжа, сродкі збіралі сярод гараджан, і гэту ідэю падтрымалі. А вось на Новы год прапанавалі маладзечанцам укласці грошы ў феерверкі – і атрымалі хвалю ўшчуванняў. Хаця, на мой погляд, гэта нармальная практыка, калі людзі плацяць за сваё задавальненне, за феерверкі.

Датычна помніка Купалу, то не ведаю, ці спрацуе такі варыянт. Вядома, гэта прыкра, што прайшоў і юбілей, 130 год песняру, а помнік не з’явіўся тут, на яго радзіме.”

“Давайце пачакаем”

У 2014 годзе пытанне пра помнік мы задалі на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі тагачаснаму міністру культуры Барысу Святлову. Вось яго адказ:

“У нас вядзецца работа ў гэтым накірунку. Як заўсёды, пытанне ў грашовых сродках.  Таму давайце трохі пачакаем.

У нас ёсць шмат яшчэ нявыкананых абавязкаў таго ж Міністэрства культуры не толькі перад Янкам Купалам, але, можа, нават у першую чаргу, перад Максімам Танкам, стагоддзе якога мы адзначаем сёлета.

Шмат іншых нашых выдатных песняроў. Будзе і Янку Купалу ў Маладзечне помнік таксама.”

У 2018 годзе мы сабралі падборку вострых, на нашу думку, праблем Маладзечна. Якія давядзецца вырашаць новаму старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву. І адна з іх – што абяцаны помнік так і не з’явіўся.

Чаму гэты помнік такі важны

Ідзе 2019 год. Мінулі “Дажынкі”, 130-гадовы юбілей песняра. А помнік яму ў цэнтры Маладзечна так і не паставілі.

Безумоўна, у раёне і краіне шмат іншых праблем, чаму ж мы так завастраем увагу менавіта на гэтай? Ёсць некалькі прычын.

Янка Купала нарадзіўся ў Вязынцы. Ён тут рос, працаваў, ствараў. Калі гэта паэт нацыянальнага маштаба, дзіўна, чаму яго не ўшаноўваюць у раёне, які стаў яму калыскай. Пясняр абраў псеўданім у гонар народнага свята Купалля, на якое нарадзіўся. У дзень, калі беларусы шукаюць Папараць-кветку. Менавіта яе абралі ў выяву герба Маладзечна ў 80-ыя гады як сімвал пошуку шчасця, тым больш што папараць звязаная з народным песняром.

Для беларусаў выдзелілі аж тры гады ў гонар малой радзімы, але не адшукалі магчымасць адзначыць малую радзіму песняра помнікам. Для чаго тады гэтыя пафасныя назвы – каб у паперах да канцэртаў народных калектываў можна было разумна прыпісаць “у межах года малой радзімы”?

Другая прычына ў тым, што гэта быў не проста адзін з варыянтаў. Помнік абяцалі чыноўнікі рознага ўзроўню, але абяцанні не стрымалі.

Самае ж важнае палягае ў тым, што маладзечанцы не ідуць наперад. У 90-ыя Маладзечна стаў Горадам Сонца. Ён застаецца адзіным горадам краіны, дзе правялі дэкамунізацыю назваў вуліц. Мы маем Вялікі Гасцінец, а не праспект Леніна, вуліцу Ігната Буйніцкага, а не Энгельса.

Але гэты рух да нацыяналізацыі і беларушчыны стаў на ручнік. Мы не дабіліся, каб на кінатэатр вярнулі беларускамоўную шыльду. Не вярнулі “Радзіму”, у горадзе ніводнага беларускамоўнага класа, а на Цэнтральнай плошчы помнік Леніну, а не Янку Купале.

Гэта не проста выява, гэта сімвал таго, што мы ўсё яшчэ беларусы. І здаецца, што адзіныя ў гэтым горадзе, хто яшчэ помніць пра абяцаны помнік Янку Купале – “Рэгіянальная газета”, якая нейкім цудам застаецца беларускамоўнай.

• Текст доступен на языке: Русский