Футбольны фанатызм як субкультура стаў зараджацца прыкладна ў 1950-х гадах у Вялікабрытаніі. Тады наведванне футбольных матчаў стала адным з асноўных і самых даступных варыянтаў правядзення часу для моладзі. З’явілася традыцыя ездзіць за любімай камандай у іншыя гарады на яе гасцявыя матчы – на выезды.

У футбольных фанатаў у Беларусі і ва ўсім свеце заўсёды была неадназначная рэпутацыя. Іх лічылі хуліганамі, якіх цікавяць не футбол, а бойкі з заўзятарамі іншых каманд.

– Час змяніўся, змяніўся і фанацкі рух, – распавядае Раман Бялько.

Рома – споўкмэн маладзечанскіх фанатаў. Споўкмэны, іх яшчэ называюць завадзілы, першымі з усяго фан-сектара заводзяць крычалкі і песні. Лепш за ўсё пра фанацкі рух у Мала­дзечне можа распавесці толькі споўкмэн.

Фанацкаму руху Маладзечна споўніўся 21 год

20 чэрвеня – важны дзень у гісторыі футбольнага Маладзечна. 21 год таму заўзятары заснавалі фанацкі рух, які цяпер называецца «Маладзечна Супортэрс». Заўзятары адзначаюць гадавіну на футбольных матчах. У гэтым годзе фанаты ФК «Маладзечна» дамовіліся з заўзятарамі ФК «Узда» правесці таварыскі матч перад гульнёй сваіх каманд.

Маладзечанскія «ультрас» зладзілі сабе маленькае свята ў сяброўскай атмасферы. У матчы прынялі ўдзел фанаты розных узростаў – ад 14 да 30 гадоў. Таварыская гульня была арганізавана ў лепшых традыцыях: з піратэхнікай, фаерамі і банерамі.

У маладзечанскім футбольным руху існуе своеасаблівая дэмакратыя. Першае правіла руху: усе роўныя. Дапусцім, кожны з балельшчыкаў можа самастойна заняцца арганізацыяй выезду на гасцявую гульню.

Аднак ёсць нязменныя рэчы, якія ўжо ўкараніліся ў свядомасці фан-сектара.

– У нашым фанацкім руху няма дзяўчат. Нічога не маю супраць, але так ужо склалася. Я б камфортна сябе адчуваў, калі на сектары былі толькі дзяўчаты. Можа, толькі ледзь-ледзь абурыла. На самай справе, ў дзяўчынках ў фанацкім руху няма нічога дрэннага. Чым больш фанатаў, тым лепш, –дзеліцца Раман.

Фанацкі рух змяніўся

Фанацкія групоўкі заўсёды былі абавязковым атрыбутам футбола ў любой краіне свету. У Маладзечне таксама сочаць за «модай» і імкнуцца не адставаць ад сусветных павеваў. Радыкальныя прадстаўленні на трыбунах маладзечанскі фан-сектар не робіць, таму што могуць стацца непрыемныя наступствы.

Змяняецца не толькі фанацкі рух, але і людзі, якія знаходзіліся на сектарах. Людзі старэйшыя сыходзяць з «ультрас» па зразумелых прычынах – сям’я ці праца. Іх становіцца ўсё больш складана замяніць моладдзю, таму што да гэтага часу многія лічаць фанатаў парушальнікамі парадку.

– Людзі ўяўляюць нас дурнямі, якіх насамрэч не цікавіць футбол. Яны думаюць, што мы знаходзімся ў руху таму, што проста хочам біцца. Гэта не так. Я люблю футбол, хаджу на трыбуны менавіта з-за таго, што хачу яго глядзець і падтрымліваць сваю любімую каманду. У руху былі зусім розныя людзі. Са мной на трыбуне былі настаўнікі і простыя майстры.

Розныя меркаванні ад людзей адносна «ультрас» не перашкаджаюць фанатам падтрымліваць сваю каманду каторы год запар. Заўзятары ўжо больш за два дзясяткі гадоў ездзяць з ФК «Маладзечна» на выезды. Выезды – гэта найважнейшая частка ў культуры футбольных фанатаў.

Як фан-сектар плануе выезды

У самым пачатку сезона федэрацыя футбола публікуе каляндар матчаў. Заўзятары плануюць выезды ў залежнасці ад адлегласці да каманды сапернікаў. Да Чысці фан-сектар ФК «Маладзечна» дабіраецца на электрычцы, а потым на аўтобусе. У гэтым выпадку працуе самаарганізацыя. На далёкія выезды – Горкі і Пінск – заўзятары заказвалі транспарт. У сярэднім на гасцявыя матчы маладзечанскай каманды прыязджаюць каля 15 чалавек.

Па словах Рамана, такая колькасць заўзятараў на выязных сустрэчах – нармальная сітуацыя для Другой лігі. А часам выезды можна запомніць дзякуючы цікавым гісторыям. Такія гісторыі звязваюць з камандай.

– У нас не было грошай, а на выезд хацелася патрапіць. У выніку была дарога ў ­адзін канец. Ты едзеш на футбол, але не ведаеш, як можна вярнуцца назад. Усё роўна падтрымаць каманду трэба. І вось мы вярталіся, у нас зламалася электрычка, спазніліся на 20 хвілін, і прыйшлося начаваць на нейкім вакзале, – распавядае Раман Бялько.

Фанаты ствараюць атрыбутыку і клічуць на трыбуны

На фанацкім слэнгу шалікі называюць «ружамі». У маладзечанскіх «ультрас» ёсць каля пяці разнавіднасцяў «ружаў», якія яны робяць самастойна. У фанатаў існуе цікавая традыцыя: футбалісты мяняюцца майкамі пасля гульні, а заўзятары мяняюцца шалікамі.

Фанаты хочуць бачыць на трыбунах больш людзей, каб ствараць атмасферу свята на футболе. А простых гледачоў фан-сектар называе «кузьмічы».

– Так даўно павялося. Ніхто не можа ўжо і ўспомніць, чаму мы так называем звычайных людзей. Напэўна, у фанатаў сфармаваўся вобраз, што на футбол прыходзяць працоўныя мужыкі, якія проста хочуць адпачыць пасля цяжкага дня. Кузьмічы!

Кожны можа стаць часткай фанацкага руху. Гэта называецца «прыйсці на сектар».

– Ніхто цябе не прагоніць, у нас сяброўская атмасфера і ўсе дапамогуць уліцца ў калектыў.

У гэтыя выхадныя ФК «Маладзечна» згуляе з «Асіповічамі». Сустрэчу абедзвюх каманд заўзятары называюць «зялёна-белым дэрбі». Фан-сектар запрашае жыхароў Маладзечна падтрымаць каманду.

• Текст доступен на языке: Русский