Мяне накрыла шчасце, калі прапанавалі прысвяціць тэкст Янку Купалу. Сур’ёзна кажу. У той час, як іншыя беларускія выданні падсвядома ставяцца да беларускай літаратуры як да «меншай» творчасці, і лічаць замежных аўтараў прыкладамі ўніверсальнага таленту (прабачце, што я так, але мне, як беларускаму філолагу, гэта баліць), то «Рэгіянальная газета» ацаніла значнасць Івана Луцэвіча і яго спадчыны (выбачайце за тупенькі жарт) для беларускай культуры.

Як чалавек, які выбраў беларускую літаратуру як прафесійны шлях, не магу не пагадзіцца, наколькі варта зрабіць Янку Купалу падарунак на дзень нараджэння, хай і ў сціплай форме кароткай калонкі.

Трэба сказаць, што мае адносіны з творамі Янкі Купалы, як і з самім аўтарам, склаліся даволі спецыфічным спосабам. Я пачала вывучаць беларускую мову крыху больш за шэсць гадоў таму, у пачатку 2013 года, на аснове абмежаванай колькасці матэрыялаў, сярод якіх быў аўдыякурс на англійскай мове. Там вучылі розным выразам і словам, а таксама расказвалі цікавосткі пра Беларусь. Не пытайце, што гэта за курс: спампавала яго з люстэрка тады і ніколі больш не здолела яго знайсці, на вялікі жаль. Гэта сёння не галоўнае: галоўнае тое, што настаўніца прачытала ўслых верш Янкі Купалы (здаецца, адзін з санетаў) па-беларуску і па-англійску. Санет мяне ўразіў, і, хаця на тым этапе ўмела чытаць па-беларуску толькі механічна, я адшукала іншыя вершы Янкі Купалы, пачала чытаць іх уголас дзеля моўнай практыкі і эстэтычнай асалоды. Хутка я знайшла і Якуба Коласа, і Максіма Багдановіча, і шэраг іншых класічных і сучасных пісьменнікаў.

Але Янка Купала вельмі дапамагаў мне ў першых беларускамоўных кроках.

Не дзіва, што я выбрала менавіта яго, Янку Купалу, як тэму аднаго з сачыненняў ва ўніверсітэце… Не памятаю, ці казала, што ў мяне дыплом славянскага філолага (прынамсі, першапачаткова), і я насамрэч хадзіла на заняткі рускай мовы, хай і на катастрафічным узроўні. У той час я была на трэцім курсе, і наша выкладчыца… Як вам сказаць, была вельмі спецыфічнай: дасюль лічыла СССР адзінай сучаснай краінай, выдавала нам савецкія стэрэатыпы направа і налева. Дзякуючы гэтаму, затое, мы атрымалі шанец на пэўную разнастайнасць у той раз: напішыце, сказала яна нам, сачыненне пра вядомага чалавека, які жыў у СССР. Чалавек можа быць любой нацыянальнасці, хоць армянін, хоць узбек, абы быў значным у якой-небудзь галіне. Цяпер, з больш цынічнай перспектывы, думаю пра магчымасці й не надумаюся. Выраз «значны ў якой-небудзь галіне» адкрывае цэлы сусвет крэатыўнаму літаратару. Хоць пра Чыкаціла і яго значнасць сярод серыйных забойцаў напішы. Але мне вельмі хацелася пісаць пра беларускую літаратуру, як заўжды (калі-небудзь я напішу тэкст пра тую выкладчыцу, і як яна мяне адштурхнула ад суседняй культуры канчаткова, абяцаю), і я выбрала Янку Купалу.

Я дасканала ведала, што трэба будзе асцярожнічаць, бо наша ўлюбёная прафесарка моцна ненавідзела ўкраінцаў і беларусаў, так што я дбала пра граматыку, як ніколі. Тры рускія сябры правяралі гэтую маю пісаніну. Двое з іх былі філолагамі.

А прафесарка ўсё адно дачапілася. Па-першае: «Чаго ты не выбірала рускага пісьменніка? Іх столькі цудоўных! Вось бы пра Горкага напісала. Я стараюся, а ты…»

А па-другое, яшчэ лепей: яна паклікала мяне на кансультацыю, каб сказаць, што пасля «ж» пішацца «и», а не «ы». Прэтэнзія была да таго, што я не пераклала на рускую мову назву верша «Мужык». Размова была прыкладна такой:

Прафесарка: Пасля «ч, ж, щ» што пішацца?

Я: Залежыць ад таго, на якой мове пішацца.

П: А па-руску як пішацца?

Я: «И», безумоўна.

П: А гэта што?

Я: «Ы». Бо назва твора на мове арыгіналу. Гэта значыць, на беларускай.

П: Вось праз тваю віну твае аднагрупнікі не навучацца пісаць па-нармальнаму! Чаму ты не пераклала назву для сваіх рускамоўных чытачоў?

Я: А таму, што я не лічу сваіх рускамоўных чытачоў ідыётамі. Як вы думаеце, як перакладаецца слова «мужык»?

Добра, я згодная, я не трымала максімальнай ветлівасці ў гэтай размове, але вы проста не ведаеце гэту прафесарку і не чулі, як яна расказвае пра адрозных людзей, народы і культуры. Асабліва пра вас, дарагія беларусы. Калі каротка, я тады вырашыла ніколі не даць Янку Купалу ў крыўду. І беларускую мову, натуральна. Я гатовая была абараняць іх перад любымі выкладчыкамі, тролямі на Фэйсбуку, чыноўнікамі, у якіх «не знойдуцца формы на першай дзяржаўнай»… У любых абставінах і паўсюль. Здолела атрымаць дазвол напісаць сваю дыпломную пра гісторыю беларускай літаратуры, паступіла на магістратуру ў той жа спецыяльнасці, а цяпер чакаю, калі анансуюць дату абароны кандыдацкай дысертацыі – па той жа тэматыцы.

Дом у Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала. Фота wikipedia.org.

Купала заўжды быў для мяне прыкладам сілы і цярпення: эпоха, у якую яму давялося жыць, не была спрыяльнай для беларускай творчасці, мякка кажучы.

Але, як у паэме «Курган», ён заўжды знаходзіў спосаб працягваць пісаць, пераадольваць праблемы і стаць сімвалам і героем для тых, хто любіць родную мову.

Каля месяца таму я скончыла пераклад санетаў Янкі Купалы на іспанскую мову. Гэта другі пераклад у гісторыі, пасля іспанамоўнай версіі Карласа Шэрмана. Да таго ж санеты асабіста для мяне з’яўляюцца другім вялікім перакладніцкім праектам пасля выбраных твораў Максіма Багдановіча. Яны выйдуць увосень, у вялікім, шматмоўным выданні, які цяпер ствараюць у Дзяржаўным музеі Янкі Купалы. Не скажу, што гэта прыгожа завяршае нейкі гештальт, бо мая праца далёка не закончаная, але гэта невымоўна важная для мяне кніга: яна дапаможа мне, як і гэтая мая сённяшняя калонка, аддаць Янку Купалу хоць крышачку таго, што ён даў мне. Вярнуць гэтую моц, дзякуючы якой я стала той жанчынай, кім ёсць цяпер.

Перачытваю цяпер свае словы і разумею, што яны атрымаліся, можа быць, злёгку пафаснымі. Змяняць іх не буду, бо яны шчырыя і праўдзівыя, і нават такія строгія філолагі, як я, маюць часам пачуцці.

Папрашу вас толькі адно: бярыце любы тэкст Янкі Купалы і перачытайце яго сёння.

Можна ў самоце, можна з сябрамі якую-­небудзь тэатральную сцэну граць. Янка Купала сам дакажа, чаму варта памятаць яго хоць у дзень яго нараджэння.

• Текст доступен на языке: Русский