23 лістапада 1971 года. Гэтая дата запісана ў армейскім нататніку майго бацькі, ураджэнца Ільі, а сёння маладзечанца Мікалая Камінскага.

Дата, калі 19-гадовы хлопец з Ільі, асабліва не быўшы нідзе акрамя райцэнтра, трапіў у іншую краіну на вайсковую службу ў ГДР, у горад Патсдам. З дзяцінства я памятаю і бацькаў армейскі альбом з фотаздымкамі, і яго расповяды пра гэтую краіну.

Два гады – толькі лісты і паштоўкі

Не сказаць, што мяне вельмі цікавілі звесткі пра танкі, вучэнні і страявую падрыхтоўку. А вось уражанні хлопца з Вілейшчыны пра далёкі горад Патсдам заўсёды слухала з задавальненнем. Урэшце нешта са сваіх дзіцячых успамінаў, нешта з нядаўніх расповядаў вырашыла сабраць у матэрыял.

Па словах бацькі, ГДР была самай прэстыжнай замежнай краінай, куды накіроўвалі на вайсковую службу хлопцаў з Саюза. Да сёння бацька памятае лозунг «Нас абралі, нам даверылі», размешчаны ў часці. У іншых краінах, у той жа Венгрыі, служыць таксама было прэстыжна. Але рэйтынг быў крыху ніжэйшы.

Роўна два гады, не ездзіўшы ў адпачынак, бацька адслужыў у Германіі. Сувязь з роднымі была выключна праз лісты.

А яшчэ ён дасылаў у Ілью паштоўкі да святаў – прыгожыя, пасрэбраныя і пазалочаныя. У Саюзе такіх не было.

Пра парк Сан-Сусі і нямецкія ласункі

У 63 танкавы полк у Патсдаме бацька трапіў пасля вучэбкі ва ўкраінскім горадзе Бярдзічаве. На цягніках праязжалі праз іншыя нямецкія гарады – Франкфурт-на-Одэры і Магдэбург. Аднак было гэта ноччу, гарады асабліва не разгледзеш. У памяці бацькі засталіся толькі брукаванкі.

Парк Сан-Сусі. Паштоўка, якая захоўваецца ў армейскім альбоме бацькі з часоў яго службы.

Патсдам можна было паглядзець падчас групавых звальненняў. Так некалькі разоў бацька наведаў парк Сан-Сусі. Памятае фантаны з рыбкамі, прыгожыя архітэктурныя будынкі, палац караля Фрыдрыха Вялікага, збудаваны ў 18 стагоддзі.

У кавярні, што была на тэрыторыі вайсковай часці, можна было ацаніць якасць нямецкіх прадуктаў.

Асабліва бацьку запомнілася печыва, па смаку непараўнальнае з савецкім, і жуйкі, якіх у Ільі, а можа, і ў Саюзе, у 1970-х не было ўвогуле.

Ездзіў на двухпавярховым аўтобусе і каштаваў нямецкае піва

Крыху пабачыць Германію і немцаў можна было і падчас камандзіровак. Так аднойчы бацька трапіў на вайсковы завод ў Вюнксдорфе. Бачыў там шмат савецкай і нямецкай тэхнікі, танкі Іосіф Сталін і Клім Варашылаў.

Падчас другой камандзіроўкі пашчасціла пракаціцца на двухпавярховым аўтобусе. У кампаніі было некалі салдат і сташы лейтэнант.

Тут жа, у аўтобусе, пазнаёміліся з нямецкім салдатам. Той, прыгаворваючы, «камрад, камрад» (па-нямецку «таварыш») пачаставаў нашых салдат нямецкім півам.

Бясснежныя нямецкія зімы для беларуса ў 1970-х былі нязвыклымі

Дзіўным для бацькі было тое, што нямецкія дзяўчаты ўжо хадзілі ў штанах і нават у шортах. У роднай Ільі такога не бачыў.

Напачатку 1970-ых нязвыклым для беларуса быў і клімат у Германіі – шмат вільготных дзён, амаль бясснежныя зімы. Снег раніцай выпадаў, а да абеду раставаў. Клімат быў якраз такі, як у нас цяпер, кажа бацька.

Уразілі і нямецкія лясы. Пасля непралазных ільянскіх яны выглядалі вельмі акуратна.

Дрэвы – нібы пасаджаныя пад лінейку. Было адразу бачна, што гэта не натуральныя, утвораныя прыродай лясы, а пасаджаныя чалавекам.

Пра слоўнікавы запас і падарункі родным

Што да нямецкай мовы, ад савецкага салдата ў ГДР не патрабавалі багатага слоўнікавага запасу.

Трэба было вывучыць па-нямецку фразы: «Рукі ўгору!», «Стой! Страляць буду!», «Абыдзі ўлева!» і «Абыдзі ўправа!».

Бацька, старшы механік-кіроўца, атрымаліваў 25 марак на месяц. Таму крыху купіў падарункаў дамоў. Набыў жуйкі, што нагадвалі цукеркі-ірыскі, адрэз тканіны, ліхтарык, сабе – белую сінтэтычную кашулю з чорным каўнерыкам і рукавамі.

Патсдам. Пачатак 1970-х. Мікалай Камінскі – другі справа. Фота з асабістага архіва.

Усё склаў у нямецкі чамадан, абклеены налепкамі-пераводкамі з партрэтамі нямецкіх прыгажунь. Такія налепкі ў Саюзе былі вельмі папулярныя. Таму салдат набыў іх шмат у падарунак хлопцам-сябрам.

– А вярнуўшыся пасля войска ў Ілью, праз дзень пагнаў кароў у поле, быццам і не быў нідзе, – падсумаваў бацька свае ўспаміны.

• Текст доступен на языке: Русский