Старэнькі двухпавярховы дом, збудаваны ў Маладзечне ў 1953 годзе на Гарадоцкай, 108,  не значыцца на картах у інтэрнэце. І таксісты не ведаюць гэтага адраса. Тут газ – у балонах на кухні і гарачая вада – з перабоямі. А ў канцы мая дом затапіла.

Жыхары: на падлозе было вады па костку

Памятаеце, як Маладзечна накрыла моцная залева? Жыхары гэтага дома не забудуць дакладна.

Ноччу з 25 на 26 мая жыхары першага паверха прачнуліся, бо пачулі, як па падлозе ліецца вада.

Цяпер пакоі на першым паверсе выглядаюць прыблізна так.

– Я лягла спаць. Ужо драмаць пачала. Чую: плешчацца нешта. Уключыла святло – а падлога ў вадзе. Дываны і тапачкі плаваюць. Што рабіць? – прыгадвае тую ноч жыхарка кватэры №1, пенсіянерка Соф’я Юрэцкая. – Ва ўсіх пакоях – вады па костку. Знізу мокне мэбля. Вада псуе пыласос і ноўтбук, якія стаялі на падлозе. Плаваюць дываны і тапкі.

Жанчына патэлефанавала дачцэ. Тая – у ГРАНС Маладзечна. Выратавальнікі прыехалі хутка, пачалі адкачваць ваду і супакойваць жыхароў.

Большасць жыхароў дома – сталыя людзі. Некаторых забіралі родныя.

А Соф’я Юрэцкая, крыху сабраўшы з дапамогай дачкі ваду, так і сядзела да раніцы. Бо ад стрэсу не магла заснуць. А назаўтра, пакуль высыхала кватэра, паехала ў вёску да сястры.

– Толькі праз тыдзень да нас прыйшлі з ЖРЭУ-6, – распавядае Соф’я Юрэцкая. – Паглядзелі, пафатаграфавалі. Сказалі, што ніякай кампенсацыі мы не атрымаем, бо кватэры не былі застрахаваныя.

Да размовы далучылася жыхарка кватэры №2 Зінаіда Грабёнкіна:

– Я жыву тут ад 1960-ых гадоў. Такі патоп бачу першы раз. Ад вады стаў дрэнна працаваць маразільнік. У мяне пасля перажытага стрэсу вельмі пагоршылася здароўе. Дываны да сёння сушацца на вуліцы.

Жыхары дома Аляксандр Яроменка і Соф’я Юрэцкая расказваюць пра патоп.

Калі здарыўся патоп, Зінаіду Данілаўну забралі да ўнучкі.

Сусед, што звярнуўся ў газету, малады бацька Аляксандр Яроменка, жыве на другім паверсе. З яго маёмасці крыху пацярпела толькі тая, што была ў хляве побач з домам. Але па словах Аляксандра, кожны вялікі дождж для жыхароў дома – бяда. Вада ляціць адусюль, а сыходзіць цяжка. Падчас залеў жыхары дома сядзяць па кватэрах, бо з-за вады ў двор выйсці немагчыма.

Камунальнік: патоп – з-за дажджу і ландшафту. Ліўнёўкі – у парадку

Жыхары дома звярнуліся па каментары ва ўнітарнае прадпрыемства «Камунальнік».  У хуткім часе атрымалі адказ. У дакуменце тлумачаць, што падтапленне адбылося з-за дажджу і ландшафтнага ўчастку, дзе стаіць дом. Паколькі кватэры не застрахаваныя,  кампенсацыі не прадугледжана.

Ліўнёўка каля дома.

Спецыялісты праверылі ліўневую каналізацыю. І лічаць, што яна цалкам выконвае сваю функцыю, прачышчаць яе не трэба.

Праваабаронца: з маральнага пункту гледжання  горад павінен дапамагчы

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі і прадстаўніка Беларускага хельсінскага камітэта, праваабаронца Эдуарда Баланчука.

Пасля патопу некаторыя не заносілі сапсаваны дываны ў кватэру.

– Улады маюць рацыю, калі кажуць пра страхоўку. Калі паўторыцца падобнае надвор’е, дом ізноў заліе. Таму жыхарам першага паверха сапраўды лепш застрахаваць кватэры. Але і да ўладаў ёсць пытанні: калі ўсё ў парадку з ліўнёўкамі, чаму затапіла кватэры?

Хаця, па словах Эдуарда, з маральнага пункту гледжання мясцовы бюджэт павінен быў падтрымаць матэрыяльна жыхароў затопленага дома. Гэта ж не яны ўчынілі такую сітуацыю.

– Калі б у нас гараджане абіралі мэра, то ён быў бы зацікаўлены ў іх павазе. Прыехаў бы на месца, ацаніў бы сітуацыю. Спытаў бы ў супрацоўніка, які адказвае за фінансы, колькі грошай ёсць у бюджэце і дапамог бы. Бо грошы ў бюджэце – гэта падаткі тых самых гараджан, – падсумаваў праваабаронца.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «РГ».

Фота аўтара.