Сяргей Альшэўскі, кіраўнік праекта «Народны падручнік», правёў эксперымент і ўзяўся прайсці некалькі ЦТ, адказваючы на пытанні па простым алгарытме: у першай частцы ставіць птушку ў палях 2-3 па чарзе, у другой частцы — 2, 3 і 5. 

Як расказаў Сяргей «Нашай Ніве», ён наважыўся на гэты эксперымент, «каб паказаць усім, што новая методыка падліку балаў на ЦТ не працуе, што любы чалавек з вуліцы можа без клопатаў набраць мінімальныя балы і прэтэндаваць на месца ва ўніверсітэце».

Што атрымалася ў Сяргея?

Пакуль што вядомыя выніку двух ЦТ з чатырох.

Маючы 8 правільных адказаў па матэматыцы, з іх — толькі адзін з другой, складанай часткі, Сяргей адвольна натыкаў на 49 балаў! У выніковым табелі відаць, што няправільных адказаў у «простай» частцы ў яго пры гэтым 11 і столькі ж — у «складанай».

«Жыць у свеце выпускнікоў, якім такая сістэма дае права на адукацыю, небяспечна», — рэзюмуе ён.

Па аналагічнай схеме Сяргей «натыкаў» на 25 балаў па рускай мове.

«Спадзяюся, адказных чыноўнікаў звольняць па артыкуле. Гэтую сістэму трэба тэрмінова мяняць! Яна вядзе да таго, што ва ўніверсітэт будуць паступаць слабыя, вышэйшая адукацыя ў Беларусі дэвальвуецца, хіба гэта не пагроза само па сабе? Тыя ж, хто хочуць якаснай адукацыі і канкурэнтнага асяродку, будуць абіраць вучобу за мяжой — такое маё адчуванне», — мяркуе Альшэўскі.

• Текст доступен на языке: Русский