Газета «Наша думка» выходзіла штотыдзень у Вільні у 1920 і 1921 годзе на беларускай мове. У ёй было шмат навін з нашага рэгіёна. Прапануем вам пазнаёміцца з навінамі з Вілейшчыны.

У нумары 15 ад 1921 года адразу два допісы з рэгіёна. Невядомы аўтар з Даўгінава піша, што ў досыць вялікім мястэчку сёлета няма ніводнай школы. Пры гэтым дзяцей школьнага ўзросту вельмі шмат. Жыхары турбуюцца, каб хоць на будучы год адчыніць беларускую школу.

У №18 – навіна пра налёт на Крайск, што на Вілейшчыне. «Ноччу з 23 на 24 красавіка атрад «беларусаў», каля трохсот чалавек, з боку дачы Крышчанка па Менска-Даўгінаўскаму шляху заняў мястэчка Крайск, якое знаходзілася ў бальшавікоў. Зрабіўшы налёт ноччу і неўспадзеўкі, атрад зрабіў перапалох і паніку ў бальшавіцкім войску, каторае ўсё ўцяколо. Чуваць, некаторыя ўтапіліся ў рэчцы і балоце. Заняўшы Крайск атрад загадаў да вечара нядзелі жыдам знясці тысячу рублёў золатам і рабіў здзекі над жыдамі. Пасля атрад недзе знік. Ізноў прыйшлі бальшавікі аж у панядзелак, 25 красавіка.

Што гэта за атрад, чый ён, невядома. Адныя кажуць, што «зялёныя», другія – што Славінкаўскі, трэція – што Балаховічаў. Але ўсе кажуць, што ён – беларускі. Вось у чым справа.

Гэта вельмі дрэнна, калі ў беларускіх сялян складзецца такое ўяўленне пра беларускае войска. Што яно рабуе жыдоў, з каторымі беларус жыў і жадае жыць у згодзе і агульнымі сіламі абараняць агульныя інтарэсы.

Беларускае сялянства незадаволенае і не хоча такога войска. Яно само будзе змагацца з такімі «атрадамі».

У 21 нумары знаходзім матэрыял «Куранецкаму раённаму закон не пісан»: «Спецыяльны карэспандэнт «Нашай думкі» даведаўся, што пан раённы Куранецкага раёна называе «Нашу думку» бальшавіцкай газетай. А людзей свайго раёну, якія дастаюць яе лічыць за бальшавікоў. Пан раённы зрабіў у нашых перадплатнікаў рэвізію, шукаючы забароненую літаратуру і пагражаў ім арыштам, калі будуць старацца якім-небудзь спосабам атрымліваць беларускія газеты. Начальніку пошты (ён жа арганісты) пан раённы аддаў загад драць усе беларускія газеты.

Звяртаем увагу вышэйшых уладаў на дзейнасць Куранецкага раённага.»

А ў наступным нумары чытаем тры навіны з Ільі. Першая –  як святкавалі 3 Мая ў мястэчку. «У мястэчку Ілья святкавалі трэцяга мая, аб чым солтысы павінны былі паведаміць усёй вёсцы і самі прыйсці ў прызначаны дзень. Давялося і мне быць.

Першае, што трапілася ў вочы марнатраўства нашых лясоў усё мястэчка было па загадзе раённага аздобленае елкамі і бярозкамі. Я налічыў іх больш як дзвесце ў адным мястэчку.

На ўрачыстасці выступаў тутэйшы абанкручаны абшарнік Эдвард Казлоўскі, каторы запэўніў нашых сялян у «добрай хэнці» шляхты. І нарэшце ляпнуў, што Польшча дажыла да шчаслівай хвіліны, бо цяпер няма ні Беларусі, ні Літвы, ні Украіны, а ёсць толькі Польшча. На яго «нех жые» народ стаў моўчкі разыходзіцца. »

У другім матэрыяле аўтар расказвае, як начальнік раёна вярнуў мясцоваму святару просьбу, пісаную на беларускай мове. Святар папрасіў 22 мая зладзіць прыходскі сход.

Сход не адбыўся, бо начальнік не дазволіў. Прычына – просьба, напісаная на беларускай мове.

«Кажуць, трэба пісаць па-польску і прыкласці 20 марак. Хутка глядзі, ці не скажуць нам маліцца па-польску».

Трэцяя ільянская навіна больш пазітыўная. Яна пра беларускі спектакль. «У Ільі 15 мая адбыўся спектакль, арганізаваны гуртком тутэйшай моладзі. Ставілі «Птушку шчасця» Францішака Аляхновіча і «Модны шляхцюк» Каруся Каганца і дывэрдысмэнт. У дывэрдысмэт увайшлі вершы і куплеты. Пасля выступіў народны хор пад кіраўніцтвам У. К., каторы прапяяў песні  «Беларуская марсельеза», «Прайшла восень, мужычок», «У гародзе рэчка», «Полька-бульба.

Пры цяжкаватых варунках прыходзілася моладзі ставіць спектаклі. Прыходзілася весьці барацьбу з цёмнымі сіламі, якія хацелі перашкодзіць спектаклю. На сваіх плячах цягаць дошкі і іншыя рэчы. Дваразы з’ездзіць у Вілейку за дазволам.

Увечары ў нядзелю 15 мая вялікі ток быў напоўнены, як зачыніць. Было больш за 500 асоб. Ток быў хораша дэкараваны. На вялікім палатне над заслонай намаляваныя родныя пейзажы. Адчынілі заслону і пры магільнай цішы ўрачыста прапелі «Беларускую марсельезу». Кожны артыст быў на сваім месцы, кожны разумеў сваю ролю. Добрая ігра, чысціня і яснасць мовы, добра загрыміраваныя артысты рабілі моцнае ўражанне на публіку. На другі раз збіраюцца паставіць «Пінскую шляхту» Дуніна-Марцінкевіча» і «Як яны жаніліся».

А побач яшчэ адна навіна з Вілейшчыны: «У Альковіцкай гміне солтысы збіраюць цяпер статыстычныя дадзеныя, дзе паміж іншым ёсць пытанне аб нацыянальнасці. Сяляне ўсюды пішуцца беларусамі, але паны не спяць. Давай страшыць сялян, што хто запішацца беларусам, таго прылічаць да Савдэпіі і будуць арыштоўваць. Напуджаныя сяляне ідуць у гміну і просяць, каб іх перапісалі з беларусаў да палякаў. Муцяць народ. Але ж як кажуць: цягнуў воўк, пацягнуць і ваўка.» Аўтар допісу – Ігналь Лабач.