Сёлетняй вясной пабачыў свет зборнік «Рэха». Аўтары вершаў і апавяданняў у ім – паэтка Марыя Шэбанец з Маладзечна і паэт Глеб Пудаў з Санкт-Пецярбурга.

–  Вершы і апавяданні складаюцца ў пары-адгалоскі, – распавядае Марыя. –  Вельмі цікава назіраць, як пераклікаюцца тэмы і думкі ў такіх далёкіх адзін ад аднаго людзей. Невялікае Маладзечна і вялізны Пецярбург, жанчына і мужчына, розныя пакаленні, розныя прафесіі.

Пазнаёміўшыся ў інтэрнэце, Маша з Глебам ужо пару год перакладалі вершы адзін аднаго, пісалі прадмовы, вычытвалі рукапісы і новыя творы. Але, як прызнаецца паэтка, хацелася большага.

Вокладка кнігі.

Упершыню стварыць агульны зборнік Глеб прапанаваў летась у ліпені. Маша адразу ўзгадала, як шмат яго вершаў пераклікаюцца з яе творамі. Накідала некалькі прыкладаў, паказала яму — і так фармат кніжкі быў узгоднены. Далей працавалі над рукапісам і шукалі выдавецтва, ужо сёлета ў красавіку  кнігу падпісалі ў друк.

Рукапіс па большай частцы складалі з ужо напісаных твораў.

–  Гэта была захапляльная гульня накшталт «Знайдзі пару». Некаторыя творы дапісваліся ў апошні момант, але гэта цікава! Чарнавы рукапіс перакідвалі адзін аднаму, вычытвалі, выпраўлялі шмат разоў, – прыгадвае Марыя працу над кнігай.

У беларускім выдавецтве рукапіс спецыялістам спадабаўся. Але была складанасць у тым, каб паспець выдаць кніжку да прыезду Глеба ў Мінск, каб ён мог забраць сваю частку тыражу. Таму мусілі паспяшацца:

–  Калі ў апошні момант спатрэбіліся ілюстрацыі для пустых старонак у вёрстцы, патрэбныя фота і малюнкі шукалі ва ўласных архівах, штосьці і дамалёўвалася па ходу справы за вечар, – расказвае Маша.

Упершыню Маша з Глебам сустрэліся ў рэале сёлета ў маі, амаль праз год пасля знаёмства ў сеціве. Яны разам забіралі сотню кніжак з выдавецтва.

–  Дамовіліся сустрэцца каля ўвахода, –  прыгадвае паэтка. –  Было крыху страшна не знайсці адзін аднаго, сувязі ў Беларусі ў Глеба не было. І сапраўды ледзьве не размінуліся, але мне пашчасціла заўважыць яго з іншага боку дарогі і прыцягнуць увагу. Без прыгодаў не абышлося, канешне: шыльды з назвай выдавецтва на доме не было, а ўваходаў там шмат. Але ж мы прайшлі гэты квэст да канца і хутка ўжо весела раскладалі кніжкі па заплечніках і торбах.

Глеб замовіў нумар у маладзечанскай гасцініцы. Таму адразу маладзечанская паэтка з госцем з Піцера паехалі на электрычцы ў Маладзечна. Паглядзелі горад, папілі гарбаты, нават паспелі зрабіць фота на памяць.

Маша перакананая: зборнік «Рэха» – толькі пачатак яе творчага супрацоўніцтва з Глебам Пудавым.

• Текст доступен на языке: Русский