Пенсійны ўзрост павялічаны, а сярод вакансій усё часцей сустракаецца “да 40 год”. У многіх жыхароў рэгіёна з кожным днём нараджэння пасля 40 усё ярчэй чырвонай лямпачкай гарыць жаданне абы дапрацаваць да пенсіі.

Паразмаўляць пра тое, як жывецца працуючым пенсіянерам, няпроста. Многія з іх баяцца свяціцца – раптам кіраўніцтва падумае, што яны засядзеліся на сваёй пасадзе і папросіць даць дарогу маладым.

Некаторыя застаюцца на пенсіі, каб зарабіць і дапамагчы грашыма дзецям і ўнукам. Іншыя не хочуць сумаваць без справы.

Ёсць дзве асноўныя катэгорыі працуючых пенсіянераў. У першай тыя, хто працуе на адной пазіцыі шмат год – інжынеры, настаўнікі, эканамісты. У такога спецыяліста настолькі вялікі досвед, што падаецца, звольніш яго – і рассыплецца якая-небудзь сценка арганізацыі. У другой тыя, хто вяртацца на былую службу не збіраюцца, але хочуць падпрацаваць на нескладаланай пазіцыі. Напрыклад, вартаўніком.

Адпрацавала на пенсіі 15 год у школе

Роза Шэрая працавала ў Ільянскай школе настаўнікам рускай і беларускай мовы і літаратуры, а таксама кіравала школьным народным музеем “Вілейшчына літаратурная”. Да 70 гадоў жанчына заставалася працаваць.

– Сыйшла з працы я па добрай волі. У нас на Браслаўшчыне лецішча, і мужу было сумна там бавіць час без мяне. Я любіла працу і паважала адміністрацыю, усе 15 год да мяне добра ставіліся.

На пытанне прасцей ці цяжэй працаваць пенсіянеру, былы настаўнік адказала:

– Лепш у тым, што ўжо не залежыш ад дзяцей і унукаў. Маеш час шмат працаваць, жаданне. Справа, да якой прывык, даецца лягчэй. А нас жа выхавалі ў час, калі думаеш спачатку пра Радзіму, а пасля пра сябе. З іншага боку, хутчэй стамляешся, ужо не той слых і зрок.

На думку жанчыны, кіраўніку варта ацаніць, ці пакідаць працаўніка на працы.

– Калі чалавек сапраўды прыносіць карысць і мае сілы, чаму ж не пакінуць? Ёсць такія спецыялісты, якіх вельмі складана замяніць. Лічу, 70 год – нармальны ўзрост, каб закончыць працу.

Роза Шэрая разумее і жаданне з першага дня пенсіі закончыць прафесійную дзейнасць:

– Вольнаму воля. Кожны разлічвае на свае сілы, і жыццёвыя абставіны бываюць розныя. Можа, нехта марыць падарожнічаць, розныя бываюць сітуацыі. Калі сумленна адпрацаваў, зарабіў пенсію, то маеш права і адпачыць.

Ілюстрацыйны здымак.

Хто займаецца працуючымі пенсіянерамі

Распытацца пра праўладкаванне пенсіянераў мы хацелі ва Упраўленнях па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Аказалася, што працуючых пенсіянераў ніхто не вядзе.

Аддзел пенсійнага забеспячэння займаецца налічваннем пенсій, аддзелы занятасці – працаўладкаваннем. Пенсіянеры не могуць трапіць у катэгорыю беспрацоўных, таму што яны занятыя – пенсіянеры. Працоўныя адносіны з імі – права наймальніка, патлумачылі ў Валожынскім аддзеле занятасці.

У вілейскім Упраўленні па працы паведамілі, што ў раёне 3355 працуючых пенсіянераў. Сярод іх толькі 93 тых, што засталіся працаваць у сельскай мясцовасці.

Пенсіянеры часам прыходзяць шукаць працу ў аддзел занятасці, некаторыя карыстаюцца Банкам вакансій на сайце Мінпрацы ў інтэрнэце.

Некаторыя наймальнікі хочуць пенсіянераў

Калі некаторыя кіраўнікі наймаюць маладзейшых падначаленых, іншыя шукаюць менавіта тых, хто ўжо не працуе. Звычайна ахвотна бяруць на працу тых, хто ўжо на заслужаным адпачынку, на пазіцыі гандляроў, вартаўнікоў, прыбіральшчыкаў. А многія з задавальненнем пакідаюць дасведчаных спецыялістаў – бухгалтараў, інжынераў.

Недастатковую прадуманасць пенсійных выплат адзначае праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэта Эдуард Баланчук:

– Нядаўна паглядзеў на могілках у Лазаўцы, колькі чалавек не дажыло да пенсіі. Страх, па 10, 15 гадоў. А за ўсіх іх плацілі адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. І хто гэтымі грашыма скарыстаўся?

Сваякі ж іх не могуць забраць, хаця чалавек 20 гадоў частку заробку аддаваў на будучую пенсію.

Ці можа наймальнік абіраць маладых

Што тычыцца вакансій, дзе сярод патрабаванняў пішуць узроставыя абмежаванні кандыдата, то тут праваабаронца не бачыць парушэнняў. Калі гэта камерцыйная структура, яе асноўная мэта – зарабіць, дасягнуць патрэбных вынікаў.

І кіраўнік арганізацыі прымае на сябе рызыку, ён выплачвае крэдыты, укладае грошы і бачыць перспектыву.

Таму і мае права выбіраць таго спецыяліста які, па яго меркаванні, дазволіць зарабляць найбольш. Асабліва такая практыка зразумелая ў сферы працы з кліентамі. Знешне прыемны камунікабельны чалавек прывядзе больш кліентаў і заробіць для кампаніі большыя грошы.

Калі пенсіянера звальняць нельга

Некаторыя гарантыі для тых, хто на парозе пенсіі, заканадаўства ўсё ж дае. Гэтае пытанне рэгулюе Працоўны кодэкс і Указ №180 ад 12.04.2000.

Працягваць або заключаць кантракт з добрасумленным работнікам, якому да дасягнення пенсійнага узросту застаецца не больш за два гады, трэба не менш, чым да дасягнення пенсіі.

Эдуард Баланчук адзначае, што напружанасць вакол пенсіі нікому не ідзе на карысць:

– Трэба зыходзіць з правоў чалавека і імкнуцца да роўнасці палоў, узростаў. Сёння чалавек можа быць выбітным спецыялістам, а заўтра не будзе на што хлеб купіць. Такія ўмовы шкодныя для ўсіх. Упэўненасць у заўтрашнім дні робіць чалавека задаволеным жыццём. Такі работнікдобра працуе, а гэта найлепшым чанам адбіваецца на стане ўсяго грамадства ў краіне.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «РГ».

• Текст доступен на языке: Русский