Новая алея. Фота з сайта Вілейскага райвыканкама.

2 ліпеня ў цэнтры Вілейкі адкрылі алею Ганаровых грамадзян раёна.

Тут фотаздымкі дзеячоў культуры і мастацтва, вайскоўцаў, педагогаў, краязнаўцаў.

Як распавялі «Рэгіянальнай газеце» ў Вілейскім райвыканкаме, на алеі прадстаўлена 14 чалавек. Асабліва шмат дзеячаў культуры і ветэранаў Другой сусветнай.

Ганаровых грамадзян абіралі ў адпаведнасці з дакументам – Палажэннем аб парадку прысваення звання «Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна».

Згодна з дакументам, званне, як правіла, даюць чалавеку, які адпрацаваў на Вілейшчыне не менш за 20 год.

Аднак, для некаторых рабілі выключэнне. Напрыклад, для такіх асоб, як скульптар Уладзімір Слабодчыкаўнародны артыст Міхаіл Казінец.

Бо яны, хоць і не жывуць на Вілейшчыне, але праслаўляюць гэты край сваёй дзейнасцю.

На алеі фотаздымкі краязнаўца Анатоля Рогача, ветэрана Другой сусветнай і педагога Ганны Андрэевай, ветэрана, вайскоўца Анатоля Нікалаева, аграрыя  Мікалая Шайко.

Выступае Ганаровы грамадзянін Вілейскага раёна Барыс Цітовіч. Фота з сайта Вілейскага райвыканкама.

Ёсць на алеі і партрэт мастака, былога навуковага супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея, гаспадара музея Першай сусветнай у Заброддзі Барыса Цітовіча. Мастак прысутнічаў на адкрыцці алеі і выступаў.

Мы звязаліся з Барысам Барысавічам і папрасілі сказаць некалькі слоў з гэтай нагоды.

– Сітуацыя была нечаканай. Ніхто не папярэджваў. Канешне, гэта важны момант для выхавання маладога пакалення. Для мяне ж важна тое, што побач з маім партрэтам – здымкі дастойных людзей, якіх ужо няма ў гэтым свеце. Напрыклад, палкоўнік Міхаіл Львіцын, які загінуў пры вызваленні Вілейкі 2 ліпеня 1944 года і пахаваны ў вілейска зямлі. Мой добры сябар, краязнаўца Анатоль Рогач, які шмат зрабіў для Вілейшчыны, – распавёў Барыс Цітовіч.

А яшчэ мастак адзначыў, што ўсе свае ўзнагароды і знакі пашаны адносіць да свайго бацькі, ветэрана Другой сусветнай, які прайшоў усю вайну і памёр у 47 год.

– Бацька не дажыў да юбілейных узнагарод, меў толькі баявыя, – падзяліўся Барыс Барысавіч.

Ён лічыць, што адкрыццё алеі Ганаровых грамадзян у дзень вызвалення Вілейкі – правільны крок.

 

 

 

• Текст доступен на языке: Русский