Работнік БелАЭС скраў тэлефон калегі, каб перавесці сабе яго грошы

Крадзеж адбыўся ў сакавіку ў модулі бытавога гарадка на будаўнічым аб’екце Беларускай атамнай станцыі. Прыладай злачынства стаў мабільны тэлефон.

Адзін з работнікаў аб’екта пакінуў свой мабільны тэлефон у куртцы, якую зняў і павесіў на вешалку ў распранальні.

Яго калега Аляксей узяў тэлефон пацярпелага і пры дапамозе дадатка смс-банкінга перавёў з яго рахунка на свой 8000 расійскіх рублёў. Гэта каля 250 беларускіх рублёў.

Ён правёў апецыю з тэлефона, да якога была прывязаная банкаўская картка. Банк выслаў код для пацвярджэння інфармацыі, які зламыснік, маючы ў руках тэлефон, адразу ўвёў.

Затым зламыснік ў дадатку ўвёў непраўдзівую інфармацыю пра карыстальніка карткі пацярпелага – змяніў першапачатковыя звесткі, каб прывязаць карту калегі да свайго тэлефона. Гэта дазволіла перавесці на свой рахунак яшчэ 11 тысяч расійскіх рублёў. Гэта каля 350 рублёў.

Агульная шкода склала больш за 618 рублёў. Яе пакрыў пацярпеламу бацька Аляксея.

Абвінавачаны прызнаў віну цалкам.

Аляксея прызналі вінаватым у крадзяжы праз змяненне інфармацыі, апрацаванай у камп’ютарнай сістэме. Таксама ва ўнясенні ў камп’ютарную сістэму непраўдзівай інфармацыі, звязанай з несанкцыянаваным доступам да інфармацыі. Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе арышта на адзін месяц.

Асуджаны – 33-гадовы ўраджэнец Казахскай ССР з вышэйшай адукацыяй, разведзены. Працаваў электрамантажнікам. Раней не судзімы. Мае малое дзіця.

• Текст доступен на языке: Русский