Мы падрыхтавалі агляд вакансій па рэгіёне, якія ў пачатку ліпеня з’явіліся на сайце Дзяржаўнай службы занятасці.

На Маладзечаншчыне шукаюць кадры ў школы і садкі

На Маладзечаншчыне трэба некалькі педагогаў: педагог-псіхолаг у дзіцячы садок у Алёхнавічах на паўстаўкі за 225 рублёў і туды ж дэфектолаг на такіх жа ўмовах з такім жа заробкам. На стаўку ў гэты ж садок шукаюць выхавальніка з заробкам ад 500 рублёў і памочніка выхавальніка з заробкам ад 400.

У яслі-садок №7 у Маладзечне патрэбныя кіраўнік фізвыхавання і музычны кіраўнік. Абяцаюць ад 370 рублёў кожнаму. Туды ж – выхавальнік і памочнік выхавальніка. Заробкі ад 370 і ад 350 рублёў адпаведна.

На пошту ў Радашкавічах шукаюць аператара сувязі. Заробак ад 330. Паштальёну, што патрэбны ў Маладзечне, прапануюць ад 356.

У мясную краму на Старое Места запрашаюць прадаўца. Заробак – ад 550. У Маладзечанскую школу-інтэрнат па зроку – повара. Прапануюць ад 400. Кухоннаму рабочаму ў шостай гімназіі – ад 330.

На Вілейшчыне патрэбныя работнікі ў сельскую гаспадарку

Якія вакансіі прапануюць вілейчукам? Камендант у інтэрнат – ад 415 рублёў. Чатыры вакансіі ў Вілейскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. На час дэкрэтнага адпачынку тут патрэбны бухгалтар. Заробак – ад 350. Таксама доктар-спецыяліст, пажадана бактэрыёлаг. Абяцаюць ад 450. Шукаюць і двух фельчараў. Заробак – ад 350.

Шмат вакансій прапануюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Вілейшчыны. У таварыства  «Алая зара», што ў Ерхах, патрэбныя брыгадзір, трактарыст, кіроўца, аграном, ветфельчар, інжынеры, галоўны ветэрынарны доктар, заатэхнік. Заробкі – ад 350 да 650. Найбольш прапануюць трактарысту, найменш – ветэрынарнаму фельчару.

Яшчэ больш – ад 800 рублёў – прапануюць таму, хто пойдзе працаваць эканамістам і галоўным бухгалтарам у гаспадарку ў Чурлёнах.

Туды ж возьмуць аператара па штучным асемяненні. Заробак – ад 350. За столькі ж запрашаюць інжынера-механіка і токара.

У Вілейскі райвыканкам за заробак ад 800 рублёў шукаюць намесніка начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці.

У Валожын – настаўнік з веданнем кітайскай, у Мядзел – повар

На Валожыншчыне вакансій, датаваных пачаткам ліпеня, няма. З апошніх – настаўнік з веданнем кітайскай мовы ў гімназію №1 ад 26 чэрвеня. Заробак – ад 375.

А на Мядзельшчыне ад першага ліпеня адна вакансія – повар у Мядзельскі вучэбна-педагагічны комплекс. Абяцаюць ад 330 рублёў.

На Астравеччыне першым ліпеня датаваныя чатыры вакансіі. Гэта намеснік галоўнага механіка на філіял прадпрыемства па вытворчасці шпалераў у вёсцы Альхоўка. Заробак ад 650 рублёў. Ад тысячы прапануюць кіроўцу аўтобуса ў астравецкім філіяле  Гродзенскага аўтапарка.

Кіроўца аўтамабіля на прадпрыемстве «Астравецкая сельгастэхніка» атрымае ад 500. Столькі ж і трактарыст на гэтым прадпрыемстве.

У Ашмяны – сырароб, у Смаргонь – доктар на дзве стаўкі

Найбольш вакансій – сорак адну –  на пачатак ліпеня прапануюць на Ашмяншчыне. На сырзавод патрэбныя майстар участка, слесар-рамонтнік, прыбіральшчык, сырасол, сырароб, бухгалтар, кіроўца пагрузчыка. Найвышэйшы заробак у бухгалтара – ад 500 рублёў. У астатніх – ад 300 да 480.

Добрыя заробкі прапануюць на Ашмяншчыне тым, то пойдзе на будоўлю: тынкоўшчык, геадэзіст, муляр – ад 700, майстар, плітачнік, архітэктар – ад 800.

Ніжэйшыя заробкі ў сельскай гаспадарцы. На прадпрыемстве «Ашмянская Ясная Паляна» патрэбныя трактарыст, ветфельчар, ветэрынарны доктар, заатэхнік, аграном тэхнолаг. Заробкі – у межах 400.

Галоўнаму энергетыку на эксперыментальнай базе ў Барунах прапануюць ад 650, прарабу – ад 500.

У мясцовы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі шукаюць доктара. Прапануюць ад 700 рублёў.

У Смаргоні патрэбныя спецыялісты ў бальніцу. Доктару, які будзе працаваць на дзве стаўкі, абяцаюць плаціць ад 780 рублёў, доктару на стаўку – ад 400, санітарцы – ад 330.

Смаргонскі агрэгатны завод чакае тэрміста, слесара, аператара станкоў, механіка ўчастка, штампоўшчыка, кіроўцу-выпрабавальніка. Слесару абяцаюць плаціць ад 750 рублёў. Заробкі іншым – у межах 500.

Цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва шукае сядзелку за 330 рублёў. Столькі ж прапануюць музычнаму кіраўніку ў Смаргонскім садку №8.