У краме ў Маладзечне дзіця з’ела адзін арэшак, але ахова прымусіла заплаціць за сто грамаў. Хто мае рацыю?

Пра інцыдэнт, які здарыўся з яго пяцігадовым сынам, расказаў жыхар Маладзечна Ігар Карыцька.

«Мой пяцігадовы сын дастаў з латка арэхаў, што прадаюцца на вагу, адзін арэшак і паклаў яго ў рот. Падышоў ахоўнік, паклікаў нас у свой кабінет, і кажа: «Аплаціце з’едзены тавар». Я пытаюся ў яго: «Адзін арэх?» «Не, — працягвае ахоўнік, — аплаціце тавар у пяціразовым памеры». Пасля пайшоў, паглядзеў кошт арэхаў і сказаў мне заплаціць за сто грамаў тавару, маўляў, ёсць такі закон.

Я не стаў спрачацца. Касірка мне прабіла чэк на 100 грамаў тавару, арэхі мне ніхто не аддаў. Калі я запытаўся чаму, ахоўнік сказаў: «У якасці штрафу. З’елі арэх — плаціце», — распавядае Ігар Карыцька.

Юрыст арганізацыі па ахове правоў спажыўцоў Генадзь Рудко адказаў:

«Ахоўнік у гэтай сітуацыі абсалютна не мае рацыі. Паміж пакупніком і магазінам узнікла грамадзянска-прававая спрэчка. Калі пакупніку падалося, што ахоўнік незаконна патрабуе аплаціць тавар, адзіным правільным учынкам было адмовіцца. Ахоўнік пагражаў міліцыяй? Або тым, што крама падасць у суд? За адзін арэх? Гэта права магазіна. Але я сумняюся, што справа дайшла б да суда. А пакупнікам, якія апынуцца ў падобнай сітуацыі, магу параіць: не бойцеся абараняць сябе».

Што датычыцца патрабавання ахоўніка «аплаціць у пяціразовым памеры», юрыст патлумачыў:

«У беларускім заканадаўстве такога правіла няма. І ніякія ўнутраныя правілы магазіна не могуць супярэчыць заканадаўству.

Пакупніку трэба было адразу рабіць запіс у кнізе заўваг і прапаноў. А праз сем дзён спакойна ісці з адказам крамы ў суд. І яшчэ: захоўвайце чэкі.

Калі ў пакупніка ёсць пацверджанне таго, што ён аплаціў тавар у пяціразовым памеры, і ў ахоўніка, і ў крамы могуць быць вялікія непрыемнасці».

Прадстаўнікі крамы, у якой адбыўся інцыдэнт, ад каментару пакуль адмовіліся.

«Нам спачатку трэба праверыць, ці сапраўды быў такі выпадак», — адказалі «Нашай Ніве».

• Текст доступен на языке: Русский