6 ліпеня ўрачыстай святой Імшой з удзелам вялікай колькасці духавенства, пілігрымаў, вернікаў і гасцей з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы ў Нацыянальным санктуарыі завяршыўся фэст Маці Божай Будслаўскай, унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Галоўную літургічную цэлебрацыю ў другі дзень урачыстасцяў узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які сёлета адзначае 30-годдзе біскупскага служэння.

На пачатку святой Імшы дастойнага юбіляра прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які заклікаў усіх удзельнікаў Эўхарыстыі ахінуць сваёй малітвай арцыбіскупа. Той, у сваю чаргу, падзякаваў усім тым, хто маліўся за яго падчас аперацыі і працягвае малітоўна падтрымліваць падчас рэабілітацыі, якая яшчэ працягваецца.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў урачыстасці на першачарговым душпастырскім заданні Касцёла ў Беларусі, якім павінна стаць абарона сям’і перад абліччам крызісу гэтага Богам устаноўленага саюзу мужчыны і жанчыны, адкрытага для прыняцця і выхавання патомства.

На сувязь пакаленняў, якая з’яўляецца гарантам захавання гістарычнай памяці народа, яго нацыянальнай самасвядомасці і каштоўнасцяў, звярнуў увагу ў кароткай прамове на заканчэнне ўрачыстасці прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр.

На апошняй і найбольш шматлюднай цэлебрацыі ў Будславе зноў прысутнічалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, дыпламаты, вялікая колькасць духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў.

• Текст доступен на языке: Русский