Рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля» адбыўся ў Маладзечне 30 чэрвеня.

«Рэгіянальная газета» з’яўляецца сузаснавальнікам фестывалю, тэрыторыя якога ахоплівае ўсе сем раёнаў, на якіх распаўсюджваецца выданне. А слоган газеты «Адна зямля» стаў яго назвай. Пра тое, як прайшло сёлетняе свята, хто перамог і што ўлічыць будучым удзельнікам, чытайце ў нашым артыкуле.

Дыяна Бажко: мне заставалася ўзяць толькі Гран-пры

Уладальніца сёлетняга Гран-пры «Адной зямлі» маладзечанка Дыяна Бажко ў фестывалі-конкурсе ўдзельнічала не раз. Былі і трэцяе месца, і першае. Мне заставалася ўзяць толькі Гран-пры, жартуе пераможца.

Фотаздымкі ўсіх удзельнікаў фестываля-конкурсу “Адна зямля” 2019

І ўсё ж прызнаецца, што перамога была нечаканай і хвалюючай. Тым больш, у яе ўзроставай катэгорыі былі моцныя сапернікі.

Песню на беларускай мове «Грэх» дзяўчыне параіў яе педагог па вакале ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў Яўген Курчыч. Англамоўную песню абрала сама з рэпертуару любімай спявачкі Б’ёнс.

Тры гады таму Дыяна скончыла з залатым медалём маладзечанскую гімназію-каледж мастацтваў. Кажа, магла б пайсці ў любую навучальную ўстанову. Але сэрца абрала менавіта музыку.

– Разумею, культура – не тая галіна, якая прыносіць шмат грошай. Але калі твая справа прыносіць вялізнае задавальненне, гэта таксама важна. Знойдзеш і дзе прымяніць сябе, і як зарабіць.

Бацькі Дыяны, таксама музыканты і ва ўсім падтрымліваюць дачку.

Педагог па вакале Алеся Кульша: памятаю Дыяну шасцігадовай дзяўчынкай

Дыяна Бажко, што сёлета ўзяла Гран-пры «Адной зямлі», вакалам пачала займацца ад шасці гадоў. Яе першым педагогам была Алеся Кульша. Тая самая, што сама ўзяла Гран-пры “Адной зямлі” ў 2005 годзе.

– Вельмі рада, што журы заўважыла талент і харызматычнасць Дыяны, – дзеліцца педагог. – Яна выконвала песні вельмі эмацыйна. Нават песню на англійскай мове «пражыла».

Алеся памятае, як шасцігадовай дзяўчынкай Дыяна прыйшла займацца да яе ў эстрадную студыю.

– Памятаю яе маленькую, худзенькую, з вялізнымі карымі вачыма, – кажа Алеся. – Я педагог дастаткова жорсткі. Некалі дзяўчынка прыйшла на заняткі непадрыхтаванай. Сказала ёй выйсці з класа. Дыяна сышла са слязьмі. А я сяджу і думаю: калі вернецца – стане спявачкай. Праз паўгадзіны дзяўчынка вярнулася з выкананым заданнем.

Алеся адзначыла аб’ектыўнасць журы і парадавалася за тое, што яшчэ адной яе вучаніцы Марыі Давідовіч уручылі дыплом «За сцэнічны вобраз».

– Так, гэта не месца. Але ўсё ж такі дыплом – маленькая прыступка да будучых перамог.

Грукайце ў дзверы, шукайце сваё

Сёлета старшынёй журы працавала Алена Атрашкевіч. Менавіта яна ўзначальвае Беларускі саюз кампазітараў.

– Прыемна, што «Адна зямля» падтрымлівае планку статуснага стартавага конкурсу для далейшага ўваходжання ў прафесію. Ужо тут відаць тых зорачак, якія вылучаюцца сярод іншых. Жадаю ўдзельнікам шмат добрых песень, а ўсім рэгіёнам – зорак, як тыя, што сёння запаліліся на гэтай сцэне. Уладальніца Гран-пры Дыяна Бажко, Лада Лінкевіч, і іншыя вядомыя нам і па іншых конкурсах. Мы абіралі лепшых.

– Так атрымалася, што сярод удзельнікаў толькі два хлопцы.

– Гендарны фактар тут не мае значэння. Важны талент, тое, хто мацнейшы на сцэне. А вось на «Славянскім базары» сёлета наадварот больш маладых людзей, а не дзяўчат.

– Што ўлічыць удзельнікам конкурсу наступнага года?

– Рэпертуар – гэта аснова ўсяго. Маладым людзям варта шукаць песні. Можна прыходзіць у саюз, звязвацца з кампазітарамі і не саромецца грукаць у гэтыя дзверы і шукаць свае песні. Варта інтэрпрэтаваць тое, што занадта на слыху. Творчы пошук заўсёды дае плён.

Эстафету аддалі Валожыну

У наступным годзе «Адна зямля» пройдзе ў Валожыне. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенці Адамовіч падзяліўся ўражаннямі ад свята ў Маладзечне:

– Цудоўная арганізацыя, выдатны настрой. Надвор’е – дадатковы бонус і для артыстаў, і для нас. Пасля дажджоў цёплае надвор’е – яшчэ адна прыемнасць акрамя добрага вакала. Мы атрымалі эстафету ад Маладзечна, фестываль будзе працягвацца на радасць усім. І мы будзем сустракаць новых зорак беларускай эстрады.

Пераможца з Вілейкі Таццяна Сарока: песні выбірала душой

Таццяна Сарока з Вілейкі ўдзельнічае ў фестывалі-конкурсе другі раз. І другі раз займае ў сваёй узроставай катэгорыі другое месца.

Таццяна працуе на хлебазаводзе. Вакалам займаецца з педагогам Аляксандрам Высоцкім. Кажа, што для яе ўдзел у «Адной зямлі» – карысны досвед.

Рэпертуар у Таццяны вялікі. На конкурсе спявала песні «Рэчанька» і «Блюз».

– Як абралі песні для ўдзелу ў фестывалі? – запыталіся мы ў Таццяны.

– Душой, – адказала спявачка.

Выбраць песню няпроста

Алеся Сяргейчык з Валожыншчыны ўжо ўдзельнічала ў конкурсе некалькі год таму, а сёлета перамагла ў чацвертай узроставай групе.

– Тры гады я была ў дэкрэтным адпачынку. Хвалююча было вярнуцца на сцэну. Канкурсанты годныя. У падарунак атрымала мульціварку, будзе больш часу на спевы і дзіця. Беларускую песню было складана выбраць. Некаторыя песні паўтараліся некалькі разоў. Я абірала тыя песні, у якіх адчуваю сябе камфортна і з якімі нешта звязанае.

Спевакам трэба больш гледачоў

Дырэктар вілейскага кінатэатра «Мір» і стваральнік калектыву «Вялея казацкая» Андрэй Дударчык прыехаў на фестываль з сям’ёй і сябрамі. Вілейская кампанія стала самай пазітыўнай і актыўнай групай падтрымкі.

– Мы прыехалі падтрымаць дзвюх удзельніц «Вялеі Казацкай» – Дар’ю Русак і Таццяну Сароку. Пасля мы ім скажам свае заўвагі, журы выкажа сваё меркаванне. На «Адной зямлі» мы трэці раз. Усё вельмі добра акрамя аднаго – празмерная сціпласць не дапамагае такім конкурсам. Трэба неяк актывізаваць гледачоў, каб паглядзелі на артыстаў. Многія ў Маладзечне любяць музыку, чаму іх тут няма? Добра, што пад вечар падцягваюцца. Спевакам жа хочацца бачыць залу, артыста гэта ўзбагачае.

Пераможцы ХХІ рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля»-2019

Спецыяльныя прызы

  • «Творчая надзея» – Ганна Санюковіч, Валожынскі раён.
  • Прыз глядацкіх сімпатый ад «Рэгіянальнай газеты» – Дар’я Місіюк, Маладзечанскі раён.
  • Прыз за артыстызм – Кіра Чэкун, Смаргонскі раён.
  • «Творчы пошук» – Дар’я Русак, Вілейскі раён.
  • «Творчы пошук» – Наталля Чэўжык, Ашмянскі раён.
  • «Творчы пошук» – Антаніна Галубовіч, Маладзечанскі раён.
  • «За асаблівасць сцэнічнага вобразу» – Марыя Давідовіч, Маладзечанскі раён.
  • «За сцэнічную культуру» – Сафія Лятко, Вілейскі раён.
  • Прыз самаму малодшаму ўдзельніку – Анастасія Лугін, Ашмянскі раён.

Прызавыя месцы

Першая ўзроставая група (ад 8 да 13 гадоў)

  • 3 месца – Анастасія Ляховіч, Астравецкі раён.
  • 3 месца – Ульяна Лугін, Ашмянскі раён.
  • 2 месца – Надзея Бандарэнка, Смаргонскі раён.
  • 1 месца – Мілана Соніч, Маладзечанскі раён.

Другая ўзроставая група (ад 14 да 17 гадоў)

  • 2 месца – Аляксандра Бабровіч, Мядзельскі раён.
  • 1 месца – Яна Вяль, Маладзечанскі раён.

Трэцяя ўзроставая група (ад 18 да 23 гадоў)

  • 3 месца – Лада Лінкевіч, Маладзечанскі раён.
  • 2 месца – Вікторыя Багінская, Мядзельскі раён.
  • 1 месца – Юлія Фомкіна, Валожынскі раён.

Чацвертая ўзроставая група (ад 24 да 31 года)

  • 3 месца – Юлія Абрамовіч, Маладзечанскі раён.
  • 2 месца – Таццяна Сарока, Вілейскі раён.
  • 1 месца – Алеся Сяргейчык, Валожынскі раён.

Гран-пры атрымала Дыяна Бажко, Маладзечанскі раён.

• Текст доступен на языке: Русский