Анхела Эспіноса Руіс. Фота: facebook.com/angela.espinosa.ruiz.

4 верасня ў Мадрыдзе пройдзе абарона кандыдацкай дысертацыі Анхелы Эспіносы Руіс «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Г. А. Бекера». Прадстаўленне першай навуковай працы ў галіне беларускай літаратуры ў Іспаніі адбудзецца ў зале «Salón de grados» на філалагічным факультэце Універсітэта Камплутэнсэ.

Абарона пачнецца а 11-й гадзіне і будзе праходзіць па-іспанску і па-беларуску. Абарона публічная: наведаць яе можа кожны ахвотны. У ліку сяброў камісіі – беларуская паэтка і літаратуразнаўца, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта (Польшча), доктар Галіна Тварановіч.

Анхела Эспіноса Руіс скончыла факультэт славянскай філалогіі Гранадскага ўніверсітэта (2015) і атрымала ступень магістра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце (2017). Аўтарка лірычных зборнікаў «Раяль ля мора» (2015), Pomme de ciel (2017), «Колер крылаў» (2019), перакладчыца двухмоўнага зборніка выбраных вершаў М. Багдановіча на іспанскую мову «Згукі маёй Бацькаўшчыны» / Ecos de mi tierra (2017).

Анхела – пастаянны аўтар-калумніст «Рэгіянальнай газеты».