Жыхара Мядзельшчыны будуць судзіць за сэксуальныя адносіны з непаўнагадовай з Вілейшчыны

Пра гэта карэспандэнту расказаў намеснік пракурора Вілейскага раёна Андрэй Жукоўскі.

З 15-гадовай дзяўчынай з Вілейскага раёна 26-гадовы жыхар Мядзельшчыны пазнаёміўся на дыскатэцы на Вілейшчыне. Пачалі сустракацца.

Стасункі доўжыліся на працягу 2017-2018 гадоў. Былі і сэксуальныя адносіны па ўзаемнай згодзе, кажа Андрэй Жукоўскі.

Падазраванага да суда не заключалі пад варту. Цяпер ён – пад падпіскай аб нявыездзе.

Па словах Андрэя Жукоўскага, фігурант ужо быў судзімы раней за злачынствы, звязаныя з маёмасцю.

Мужчыну будуць судзіць па артыкуле «Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту, здзейсненыя паўторна».

Максімальнае пакаранне за такое злачынства – да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.