Матэрыял пра роварныя спаборніцтвы ў Вілейцы ў 1937 годзе з газеты Kurjer Wileński нам даслаў сябар і чытач, краязнаўца Кастусь Шыталь. Ён жа пераклаў матэрыял з польскай мовы.

У нумары 148 ад першага чэрвеня 1937 года аўтар Вітальд Радзевіч пісаў:

«30 мая ў Вілейцы былі арганізаваныя гонкі раварыстаў на дыстанцыі 20 кіламетраў за пераходную ўзнагароду Вілейскага Таварыства Роварнага Спорту, заснаваную ў 1934 годзе.

У гонках прынялі ўдзел спаборнікі са Спартовага Клуба Турэмнай Варты і Паліцыйнага Спартовага Клуба. Дарожныя і атмасферныя ўмовы былі досыць складаныя, бо траса гонак Вілейка – Бараўцы – Вілейка на некалькіх кіламетрах укладзеная «кацінымі лбамі», а на некалькіх нядаўна падсыпаная пяском. Апрача таго, у той дзень быў моцны бакавы вецер.

Першае месца з досыць добрым вынікам заняў Аляксандр Фледжынскі, які ў няпростых умовах праехаў 20 кіламетраў на працягу 38 хвілін і 12 секунд.

Другое месца заняў Андрэй Малешка, а трэцяе – Юзаф Хахоўскі. Усе трое належаць да Спартовага Клуба Турэмнай Варты, які, як пераможца, у будучым сезоне зноў будзе арганізоўваць гонкі за тую самую пераходную ўзнагароду.

Што да арганізацыі спаборніцтваў, то яны былі праведзеныя прафесійна.

Аднак не хапала рэкламы, і мала хто з грамадскасці ведаў, што гэтая падзея адбудзецца ў той дзень.

Варта было б ладзіць гонкі пасля абеду, а не ў ранішнія гадзіны.»

Як растлумачыў Кастусь Шыталь «каціныя лбы» – гэта брук з малых камянёў, вельмі распаўсюджаны ў нашым краі.

Нагадаем, што 14 ліпеня ў Вілейцы «Рэгіянальная газета» ладзіць роварны фэст.