Некаторыя беларускія ВНУ размясцілі на сваіх сайтах кошт навучання ў 2019/2020 навучальным годзе. У іх ліку Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка, паведамляе БелТА.

Так, у БНТУ кошт навучання на першым курсе вагаецца ў залежнасці ад спецыяльнасці ад 3380 да 3605 рублёў за год. На сайце ВНУ пакуль няма інфармацыі аб расцэнках для студэнтаў астатніх курсаў.

У БДЭУ незалежна ад спецыяльнасці першакурснікам давядзецца аплаціць 2564 рублі, студэнтам другіх-чацвёртых курсаў — 2463 рублі, пяцікурснікам — 1092 рублі за год.

У Акадэміі кіравання «цэннік» адзін на ўсіх студэнтаў — 3,2 тысячы рублёў.

У БДПУ кошт на спецыяльнасцях з вывучэннем замежнай мовы вар’іруецца ад 1966 для выпускнога курса да 2666 рублёў для першага.

Даражэй за ўсё абыдзецца навучанне для студэнтаў-першакурснікаў, якія выберуць спецыяльнасці «музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія», «музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура» — 2,8 тысячы рублёў.