У рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» зладзілі круглы стол на тэму «Права пенсіянераў на роўны ўдзел у жыцці грамадства».

Удзельнічалі загадчык аддзялення дзённага наведвання для грамадзян сталага ўзросту Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва Ірына Кавяза, старшыня клуба сталых людзей «Залатая восень» пры гэтай установе Ганна Трухоўская.

З Маладзечна да абмеркавання далучыліся заснавальнікі адукацыйнага цэнтра «Адкрытая прастора» Валерыя Рошчына і Валянціна Сідоркіна. Вяла размову журналіст Зоя Хруцкая.

Ірына Кавяза (злева) і Ганна Трухоўская.

Хруцкая:

– Як вы лічыце, ці выпадаюць з жыцця грамадства людзі, якія ідуць на пенсію?

Кавяза:

– Год 15 таму было так. Але калі ў гарадах пачалі адкрывацца тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва, сітуацыя паступова стала мяняцца да лепшага.
Так, унукі, агарод, лецішча – гэта цудоўна. Але ў сталых людзей павінны быць час і для сябе. Нездарма ў нашым цэнтры запатрабаваныя такія заняткі, як ёга, пілатэс, фітнес.

Хруцкая:

– Гэта платныя паслугі?

Кавяза:

– Так. Як кажуць, бясплатнае якасным бывае рэдка. Выкладчык-валанцёр – гэта добра, але мы аддаём перавагу выкладчыкам-прафесіяналам, якія працуюць на пастаяннай аснове як супрацоўнікі цэнтра. І атрымальнікі паслуг павінны быць упэўнены: заплаціўшы грошы, яны будуць мець якасную паслугу. Аплата сімвалічная – адны заняткі каштуюць 70 капеек.

На месяц атрымліваецца прыкладна 5 рублёў 60 капеек. І людзі гатовыя плаціць.

Канешне, калі з’явіліся платныя заняткі, некаторыя адразу ўзрушаліся. А пасля зразумелі, што кошт невялікі, а карысць пэўная. Хто хоча нечым займацца, усе пры справе. Хто не – хай далей ляжыць на канапе. Сёння ў аддзяленні 53 чалавекі. Платныя заняткі наведваюць 34. Бясплатна можна ўдзельнічаць у жыцці клубаў, культурных і асветніцкіх мерапрыемствах, якія ладзяць у цэнтры.

Трухоўская:

– Асабліва папулярны ў нас гурток па лячэбнай фізкультуры. Там малады трэнер. На кожных занятках – 15-20 чалавек. Часам здараецца такое, што месца ледзь хапае.

Хруцкая:

– Спадарыня Ганна, вашы аднагодкі менш актыўныя, чым вы?

Трухоўская:

– Канешне, не ўсе актыўныя. Ёсць людзі, што толькі гатовыя сядзець на канапе або на лаўцы. Яны не разумеюць, што я ўвесь час некуды іду: то на фітнес, то ў басейн. Знаходзяць прычыны: я плаваць не ўмею, я часу не маю, я не змагу так лётаць усюды.

Пры цэнтры я ўзначальваю клуб сталых людзей «Залатая восень». З сябрамі клуба мы жывём дружна, наведваем хворых. Тры разы на год абавязкова ходзім у рэстаран. У нас ёсць свая каса, куды, па магчымасці, сябры клуба ўносяць грошы.

Многія прызнаюцца: не ўяўлялі, што ў Валожыне ёсць такі клуб. Вядома, у большасці з нас ёсць і градкі, і ўнукі. Але мы знаходзім час і для сябе.

Хруцкая:

– Колькі чалавек у вашым клубе?

Трухоўская:

– 20 жанчын.

Хруцкая:

– А чаму няма мужчын?

Трухоўская:

– Гэта вельмі сумна. Але прычына – высокая мужчынская смяротнасць. З 53 наведнікаў клуба – таксама большасць жанчын. І ў многіх з іх мужоў няма, памерлі.

Хруцкая:

– Вы заўважалі, што людзі хвалююцца, як будуць жыць, калі пойдуць на пенсію?

Сідоркіна:

– Я назіраю за сваімі бацькамі, сваякамі. Бачу, што некаторыя з іх сапраўды хвалююцца, ці знойдуць яны занятак на пенсіі, ці змогуць быць карыснымі. Дзевяць год таму была ў народных універсітэтах у Германіі. Назірала, чым людзі на пенсіі займаюцца там. Напрыклад, яны самі шыюць лялек, а пасля з імі ставяць п’есу. Бачыла натхненне ў іх вачах.

Прыемна, што ў Беларусі цяпер таксама становіцца больш прапаноў для сталых людзей. І як жыць на пенсіі, часта залежыць ад самога чалавека.

Рошчына:

– Я падтрымаю Валянціну ў тым, што лад жыцця ў многім залежыць ад чалавека. Напрыклад, і сярод маладых людзей ёсць як актыўныя, так і пасіўныя. Тое ж можна сказаць і пра сталых.

Калі назіраю за людзьмі са свайго кола, бачу, што некаторыя на пенсіі баяцца страціць статус. Але сапраўды, жыццё чалавека на пенсіі залежыць, перш за ўсё, ад характару.

Хруцкая:

– Ці гатовыя сваякі да таго, што для бабуль на першым месцы будуць не ўнукі, а яны самі?

Кавяза:

– Вядома, большасць не гатовая. Некаторым цяжка зразумець, чаму мама і бабуля не аддала грошы дзецям і ўнукам, а сама паехала на мора. Цяжка таксама пераадолець традыцыю, што складвалася шмат гадоў, быццам бацькі павінны дагадаваць дзяцей да пенсіі.

У Нарвегіі, напрыклад, у адным доме, але у розных кватэрах, могуць жыць бацькі і дзеці з унукамі. У дзяцей і ў думках няма, каб прасіць у бацькоў грошай альбо бясконца патрабаваць прыгляду за ўнукамі. І не таму, што бацькі супраць. Проста дзеці разумеюць, што ў бацькоў ёсць асабістае жыццё.

Раней у 60 год лічыліся старымі. А цяпер у гэтым узросце людзі маладыя і прыгожыя.

З нашымі падыходамі часам цяжка глядзець на адносіны бацькоў і дзяцей за мяжой. Бо там падыход іншы: стаў паўнагадовым – значыць, самастойны. Але сэнс у гэтым ёсць.

Трухоўская:

– Бацькоўская дапамога дарослым дзецям – шматгадовая традыцыя. У мяне – дарослыя дачка і сын. Дачка вельмі падтрымлівае маю актыўнасць, сама падштурхоўвае паўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах, з’ездзіць у падарожжа. Для сына такія мае паводзіны часам незразумелыя.

А я лічу, пакуль ёсць розум і ногі ходзяць, трэба быць актыўным. Напрыклад, адна з сябровак нашага клуба нядаўна вярнулася з круіза па Еўропе. А ёй 86 год.

Хруцкая:

– А ці трэба, каб бацькі дапамагалі дарослым дзецям?

Кавяза:

– Калі маладая сям’я пачынае з нуля, няма свайго жылля, то, канешне, трэба дапамагчы, калі есць магчымасць. Бо, напрыклад, пабудавацца маладым самастойна амаль немагчыма.

Канешне, наведваць унукаў, дарыць падарункі. А як жа? Мы гэта вельмі любім. Але пры гэтым абавязкова захоўваць свае ўласныя межы.

Сідоркіна:

– Я заўсёды з удзячнасцю прымаю дапамогу ад сваіх бацькоў. Рада, што, калі еду па справах, яны могуць пасядзець з маімі дзецьмі. Але заўсёды звяртаю ўвагу, каб гэта дапамога не была цяжкай для іх саміх.

Дапамога бацькоў – патрэбная і важная. Ёй дзеці не павінны злоўжываць. Мне падаецца, што калі мае дзеці вырастуць, то таксама буду дапамагаць ім. Толькі па магчымасці, не адмаўляючы ў чымсьці сабе.

Рошчына:

– Бацькі маюць права на ўласнае жыццё. Я ўдзячная маме, што яна можа ўзяць маё дзіця з сабой у вёску. Але разумею, што ад доўгага знаходжання з малым дзіцем мама стоміцца.

Часта атрымліваецца так, што, як нарадзіліся дзеці, у людзей скончылася ўласнае жыццё. Спачатку дзяцей гадуеш, потым дапамагаеш ім, ужо дарослым, потым – гадуеш унукаў. Так не павінна быць.

Лічу, што наш час пераломны. Людзі нарэшце павінны зразумець, што кожны, у тым ліку сталы чалавек, мае права на ўласнае жыццё.

Пенсія – найлепшы час для сябе. Нехта, можа, і не хацеў бы ўвесь час сядзець з унукамі, але паддаецца грамадскай думцы. Думае пра тое, што людзі скажуць. А падобныя пытанні трэба вырашаць выключна ў сваёй сямі, не зважаючы на грамадскую думку.

Хруцкая:

– Ганна, ці мелі вы магчымасць працаваць на пенсіі колькі хацелі? Ці не адчувалі, што вас у працы прыцясняюць маладыя?

Трухоўская:

– Не. Са мной такога не было. Я працавала бухгалтарам, колькі хацела. На пенсію сышла сама. Дзецям сказала: буду дапамагаць, але па магчымасці.

Хруцкая:

– Чаго вам не хапае ў цэнтры?

Трухоўская:

– Нам усяго хапае. Калі нечага захочацца, кажам кіраўніцтву цэнтра. І да нас заўсёды прыслухоўваюцца. Кожнае лета ездзім у паездкі, наведваем заняткі. Напрыклад, я хаджу на фітнес два разы на тыдзень і ў басейн. Больш не магу, бо вялікая грамадская нагрузка.

Хруцкая:

– Раскажыце, як вы рыхтуецеся да святаў, што ладзіце ў клубе?

Трухоўская:

– Абіраем адказных за мерапрыемства, вядучых. Купляем новыя сукенкі. Калі нехта глядзіць фотаздымкі з нашых мерапрыемстваў, адзначаюць, што ў нас прыгожыя ўборы.

Кавяза:

– Сапраўды, мае падапечныя заўсёды апранаюцца з густам. Робяць прычоскі. Мне не сорамна з імі, напрыклад, выехаць у тэатр. Яны – як мадэлі.

Хруцкая:

– Чым вы займаецеся на святах?

Трухоўская:

– Канешне, збіраемся не дзеля выпіўкі. Спяваем, танцуем, ладзім конкурсы. А яшчэ маем уласны гімн. Адразу спявалі, падглядаючы ў лісточкі, а цяпер усе вывучылі.

Хруцкая:

– Ірына, якія магчымасці для сталых людзей гарантуе дзяржава?

Кавяза:

– Тэрытарыяльны цэнтр – гэта дзяржаўная ўстанова. Тут ёсць, акрамя нашага аддзялення, таксама аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. Ёсць дакумент, які рэгламентуе ўсе нашы паслугі.

Сталыя людзі могуць замовіць сацыяльнага работніка, які дапаможа заплаціць за кватэру, сходзіць за лекамі ў аптэку і за прадуктамі ў краму, будзе суправаджаць пры патрэбе сталага чалавека ў паліклініку і г.д. Гэта гарантаваныя дзяржавай паслугі.

Хруцкая:

– Валерыя, вы – дырэктар адукацыйнага цэнтра. Якія перспектывы развіцця ў камерцыйных адукацыйных паслугах для сталых людзей?

Рошчына:

– Больш шчыльна мы плануем заняцца адукацыяй сталых людзей ад першага верасня. Пакуль спрабавалі камп’ютарныя курсы. Хацелі зрабіць групавыя заняткі, але не атрымалася. У людзей – розны ўзровень валодання камп’ютарам, розныя здольнасці, памяць. Таму заняткі былі індывідуальныя.

А вось спроба курсаў замежных моў пакуль не ўдалася. Пасля аб’явы патэлефанавалі чалавекі тры. А мы лічылі замежныя мовы запатрабаванымі. Бо пенсія – час для падарожжаў.

Канешне, нашы курсы каштуюць даражэй, чым у тэрытарыяльных цэнтрах. За сімвалічную аплату і на валанцёрскіх пачатках людзі не асабліва хочуць працаваць.

Мы бяром прыклад з вялікіх гарадоў, дзе ёсць падобныя арганізацыі – з Мінска, Гродна. Пакуль у планах – толькі камп’ютар і замежныя мовы.

Разглядаем таксама заняткі жывапісам. Хацелася б, каб быў спакойны, цярплівы выкладчык. Каб сталыя людзі на занятках і памалявалі, і пагутарылі, і чаю папілі.

Хруцкая:

– Што з замежнай практыкі ў працы са сталымі людзьмі мы можам перанесці ў нашы гарады?

Сідоркіна:

– Амаль усё. Праблема – у фінансах. У замежных гарадах праца са сталымі хаця б часткова фінансуецца горадам, а то і дзяржавай. У нас такая практыка яшчэ не дастаткова распаўсюджаная.

Кавяза:

– Так, можна ўсё зрабіць, калі ёсць фінансы.

Каб яны былі б большымі, мы ў Валожыне таксама маглі адкрыць свой універсітэт трэцяга ўзросту. І студэнтаў без цяжкасцяў знайшлі б. Але на энтузіязме людзі доўга працаваць не будуць.

Наколькі магчыма, займаемся праектнай дзейнасцю. Супрацоўнічаем з нямецкім фондам «Памяць. Адказнасць. Будучыня». Год рэалізоўвалі праект «Папярэджанне кагнітыўных узроставых змен у сталых людзей». Мерапрыемствы праекта былі накіраваныя на папярэджанне дэменцыі ў сталых людзей.

Калі мы правялі першыя тэсты, то ў некаторых былі прыкметы ранняй дэменцыі. А тэставанне пасля праекта ўсцешыла. Цяпер ва ўсіх удзельнікаў – добрыя паказчыкі. У межах праекта мы сустракаліся з удзельнікамі два разы на месяц.

Са сталымі людзьмі працаваў псіхолаг, іншыя спецыялісты. Малявалі, развівалі дробную маторыку. Быў яшчэ адзін вынік праекта – выстава «Актыўнае даўгалецце. Перазагрузка». Пра яе пісалі шматлікія СМІ. І «Рэгіянальная газета» таксама.

Трухоўская:

– Мы, пенсіянеры, шмат адпрацавалі на карысць дзяржавы. Большасць з нас выгадавала добрых дзяцей. Чаму б цяпер дзяржаве не стварыць нейкі фонд для падтрымкі пенсіянераў. Каб мы маглі ездзіць у падарожжы і ладзіць свае актыўнасці.

Сідоркіна:

– Каб была сістэмная работа і падтрымка дзяржавы, было б цудоўна. Але трэба збірацца і абмяркоўваць.

Трэба арыентавацца не толькі на ўстановы, а і на зацікаўленых людзей.

Рошчына:

– Працаваць для сталых людзей заўсёды прыемна. Гэта самая ўдзячная аўдыторыя.

• Текст доступен на языке: Русский