Навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Майсеева расказала БелТА пра сёлетні ўраджай грыбоў і ягад у Беларусі.

«Красавік, май і чэрвень былі засушлівымі амаль па ўсёй краіне, тэмпература паветра перасягала кліматычную норму. Усё гэта, вядома, аказала свой уплыў на ўраджай грыбоў і ягад. Грыбы з’явіліся ў канцы красавіка — пачатку мая, асабліва па поўдні Беларусі, але хутка прапалі з-за такога анамальнага надвор’я.

Калі мы ў сярэдзіне чэрвеня складалі прагнозы для Мінпрыроды, у Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцях па ўсіх відах рэсурсаўтваральных грыбоў (белы грыб, лісічка звычайная, падбярозавік, падасінавік і апенька асенняя) прагнозы былі сярэднія, а ў Гомельскай і Магілёўскай — ніжэй за сярэдні.

Ліпень, які лічыцца самым гарачым летнім месяцам, таксама не парадаваў надвор’ем: даволі халаднавата, часта ідуць дажджы. З аднаго боку, можна сказаць, што для грыбоў гэта добра, але з другога — многія з іх, напрыклад лісічкі, рыжыкі, любяць цяпло і не любяць празмерную вільгаць. Для іх найбольш спрыяльнае цёплае надвор’е і калі дождж імжыць», — сказала Таццяна Майсеева.

Яна адзначыла, што грыбны пік у Беларусі звычайна прыпадае на жнівень-верасень.

«Гэта самыя грыбныя месяцы, таму што да летніх грыбоў дабаўляюцца асеннія. Якога ўраджаю грыбоў нам чакаць у жніўні-верасні — будзе залежаць ад надвор’я ў бліжэйшыя тыдні. Калі праз тыдзень-другі ўсталюецца цяпло, то і пойдуць грыбы – тыя ж маслякі, сыраежкі, белыя грыбы, падбярозавікі, падасінавікі, махавікі. А ўжо бліжэй да верасня да іх далучацца падгруздкі, радоўкі, грузды, апенькі», — адзначыла вучоны.

«Чарніцы ў гэтым годзе дробныя, іх мала.

Ураджай журавін па Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях сярэдні, па астатніх рэгіёнах — ніжэйшы за сярэдні. Брусніцы і буякі ў лясах не вельмі часта сустракаюцца, асабліва па поўдні Беларусі. У Гомельскай вобласці брусніцы з лясоў наогул знікаюць з-за такіх анамальных тэмператур вышэйшых за кліматычную норму.

Нават калі цвіценне брусніц і буякоў вельмі багатае, ураджай бывае ніжэйшы за сярэдні і нізкі. У брусніц у моцную гарачыню часта ападае завязь, у выніку, калі яны к жніўню паспяваюць, ягад застаецца мала.

У гэтых адносінах найбольш спрыяльныя ўмовы ў Віцебскай вобласці: калі няма замаразкаў позняй вясной і ранняй восенню, усе ягаднікі даюць добры ўраджай», — звярнула ўвагу Таццяна Майсеева.