Фота The Times UK

За апошні месяц у міліцэйскіх аператыўных зводках Маладзечанскага РАУС зафіксаваныя як мінімум тры крадзяжы ровараў.

Начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара адзначыў, што аматараў лёгкай нажывы нічога не спыняе. У большасці выпадкаў злачынцы карыстаюцца нядбайнасцю ўладальнікаў ровараў.

Адзіны спосаб зберагчы маёмасць – не пакідаць яго без нагляду. Замкамі-трасамі карыстацца толькі ў тых выпадках, калі гаспадар адлучваецца днём на кароткі прамежак часу ў грамадскіх месцах. Лепш пакідаць ровары пад камерамі відэаназірання.

Анамальна, што ўсе крадзяжы ў Маладзечне здзейснены ў светлы час. Праваахоўнікі нагадваюць, самае надзейнае месца захоўвання ровараў – кватэра.

Супрацоўнікі міліцыі рэкамендуюць не пакідаць двухколавы транспарт і дзіцячыя каляскі на лесвічных пляцоўках, – гэта парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі. У адваротным выпадку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 21.16 або арт. 23.56 КаАП Рэспублікі Беларусь. Парушальнікам пагражае штраф да трыццаці базавых велічынь.

За тым, каб жыхары не пакідалі на лесвічных клетках дарагую маёмасць, прасочаць супрацоўнікі міліцыі, гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях і работнікі жыллёвых службаў.

Па словах Вадзіма Прыгары, знайсці скрадзеныя ровары атрымоўваецца далёка не заўсёды.

З пачатку года ў Маладзечанскім раёне нячыстыя на руку грамадзяне «ўкацілі» 16 ровараў.

Усталяваць асобы злачынцаў атрымалася толькі ў чатырох выпадках. Ускладняе працу аператыўнікаў той факт, што ўладальнікі ровараў у міліцыю звяртаюцца не адразу. А за гэты перыяд злачынцы паспяваюць прадаць набыты тавар, у тым ліку за межамі рэгіёну.

Варта адзначыць, што па ўсіх фактах крадзяжу ровараў распачатыя крымінальныя справы па арт. 205 КК Рэспублікі Беларусь «Крадзеж». Злачынцам пагражае пазбаўленне волі да 4 гадоў.