Падчас пілотнай прэзентацыі праекта. Фота Ганны Сафонавай з архіва «РГ».

Вуліца стрыт-фуда, пра якую неаднаразова распавядала «РГ», амаль гатовая сустракаць гасцей. Унікальны праект, які рэалізуюць маладзечанскія актывісты, пачне працаваць напоўніцу ўжо ў гэтую суботу, 13 ліпеня.

Калі: субота, 13 ліпеня, 16:00
Дзе: вуліца стрыт-фуда (яна ж Завулак ката Францішка, насупраць гарадской паліклінікі №1)

Святочнае адкрыццё распачнецца ў 16:00, расказала «РГ» каардынатар праекта Ганна Холад. Тут прэзентуюць вулічную галерэю, распавядуць пра тое, як наогул атрымалася здзейсніць задуманае. Увесь вечар на Завулку ката Францішка будзе гучаць жывая музыка. Для маладзечанцаў і гасцей неафіцыйнай сталіцы стрыт-фуда Беларусі, сярод іншых, выступяць Сяргей Ярук, Юры Баравец і гурт «Крэшчэнда», лідар гурта «Sumarok» Ігар Палынскі, Максім Іўкін і гурт «Балцкі Субстрат», Расіяна Пагожава, Юры Гурын, Cream duet, саксафаніст Павел Шуцкі. Пачатак музычнай часткі імпрэзы – а 17-й.

Вуліца стрыт-фуда – гэта 12 міні-рэстаранаў са стрыт-фудам, а таксама пляцоўка для выступленняў рознага фармату: ад лекцый да музычных імпрэз. Яна месціцца на вуліцы Францыска Скарыны, насупраць гарадской паліклінікі №1. Пілотная прэзентацыя праекта адбылася яшчэ мінулай восенню, з таго часу арганізатары прарабілі тытанічную працу: дамагліся надання Завулку ката Францішка статусу пешаходнай вуліцы, падрыхтавалі вялікую сцэну, запрасілі беларускіх і замежных мастакоў распісаць павільёны.

Нагадаем, праект маладзечанскіх актывістаў перамог у конкурсе Social Weekend, дзе атрымаў фінансавую падтрымку на рэалізацыю ў памеры 10 тысяч рублёў.

• Текст доступен на языке: ruРусский