Фота ostrovets.by

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў наведаў Астравец з рабочым візітам.

– Усе аб’екты, уключаныя ў інвестпраграму гэтага года, павінны быць здадзены ў тэрмін, выкананне гэтай задачы не абмяркоўваецца, – сказаў 9 ліпеня старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў на працоўнай нарадзе, прысвечанай будаўніцтву аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў Астраўцы.

Краўцоў разам з іншымі чыноўнікамі наведаў цэнтральную раённую бальніцу. Яны ацанілі ступень гатоўнасці медыцынскага цэнтра.

Лічбы: 39 038 000 рублёў са сродкаў рэспубліканскай інвестпраграмы засвоена ў першым паўгоддзі на аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры Астраўца – гэта 51,9% выдзеленай на гэтыя мэты сумы.

Асаблівая ўвага на пасяджэнні штаба пад кіраўніцтвам Краўцова была ўдзелена гатоўнасці школы на 765 месцаў і дзіцячага садка на 230 месцаў. Будаўнічыя работы на гэтых аб’ектах практычна завершаны, цяпер завозіцца і мантуецца абсталяванне, збіраецца мэбля. Кандыдатуры кіраўнікоў гэтых устаноў, па словах начальніка аддзела адукацыі Аксаны Земляковой, падабраны і праходзяць ўзгадненне, штат амаль што укамплектаваны.

– Школа і дзіцячы сад павінны быць адкрытыя да 1 верасня, іншага – не дадзена, – заявіў Уладзімір Краўцоў. – Раней – можна, пазней – ніяк.

Адкрыццё школы і дзіцячага садка ў прызначаны тэрмін старшыня Гродзенскага аблвыканкама вызначыў персанальнай задачай старшыні райвыканкама Ігара Шалудина.

У верасні павінен быць уведзены ў эксплуатацыю Дом дзіцячай творчасці і цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Пэўныя сумневы ў кіраўніцтва генпадрадчыка «Гроднапрамбуд», які адказвае практычна за ўсе аб’екты інфраструктуры ў Астраўцы і на будпляцоўцы АЭС, – выклікаюць тэрміны ўводу ў эксплуатацыю шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу, які неабходна адкрыць да канца года: у падрадчыка не хапае спецыялістаў.

Але Краўцоў заўважыў, што тэрміны ўводу спартыўнага комплексу, што фінансуецца з рэспубліканскай інвестпраграмы, не абмяркоўваюцца. А з кадрамі «Гроднапрамбуд» павінны дапамагчы кіраўнікі будаўнічай галіны вобласці.

На пасяджэнні штаба прааналізавалі таксама ход будаўніцтва аб’ектаў, якія ўводзяцца ў наступным годзе – у прыватнасці, шматфункцыянальнага культурнага комплексу, а таксама праектавання новых, узвядзенне якіх плануецца ў перспектыве.