На вяселлі ў Кобрынскім раёне забілі мужчыну, бацька нявесты ў рэанімацыі

Вяселле ў Гарадцы Кобрынскага раёна стала трагедыяй — на двух мужчын, якія гулялі на гэтым мерапрыемстве, напалі натоўпам, калі яны выйшлі з будынка. Адзін загінуў, а бацька нявесты — у бальніцы, паведамляе «Першы Рэгіён».

Вёска Гарадзец і гарадскі пасёлак Антопаль — два суседнія населеныя пункты. Першы — у Кобрынскім, а другі — у Драгічынскім раёнах.

Вяселле ў сталовай Гарадца гуляла сям’я нявесты з Антопаля, бок жаніха, кажуць, з Жабінкаўскага раёна.

Усё на вяселлі ішло нармальна, аднак цяпер нават удзельнікі мерапрыемства не могуць зразумець, як здарылася трагедыя. Як распавяла «Першаму Рэгіёну» адна з жанчын, якая была на вяселлі, Міхаіл Н. і бацька нявесты Сяргей С. выйшлі з памяшкання на паветра, калі ўсё і адбылося.