Для многіх лета – магчымасць зарабіць на мару дарамі лесу. Уздоўж дарог, на міні-рынках і базарах прадаюць ягады. І так слоік за слоікам гандляры могуць назбіраць на сур’ёзныя пакупкі.

Наталля з Вілейскага раёна збірала чарніцы з самага дзяцінства. Ездзілі ў лес усёй сям’ёй – бацькі, сёстры і брат. Збіралі рукамі, кожны ў свой кубачак.

Ужо гадоў сем, як жанчына збірае ягады на продаж або здае ў пункты прыёму.

Прадаваць чарніцы ля дарогі ў Наталлі не атрымліваецца. Трэба мець час, каб стаяць з таварам, а яна мае асноўную працу.

– Звычайна па ягады едзем або раніцай перад працай, або пасля работы. Бывае так, што ездзім і два разы на дзень.

Наталля звычайна выбіраецца з сяброўкамі. Калі спякотна, збіраюцца так, каб у шэсць раніцы пачаць збіраць.

Калі шмат ягад, то дзесяцілітровае вядро Наталля збірае за гадзіну-паўтары. Калі ж няшмат, то на адно вядро можа спатрэбіцца тры гадзіны.

Спачатку жанчыны едуць у тыя месцы, дзе дакладна ведаюць, што шмат чарніц. Калі нехта падкажа іншыя, могуць паехаць і туды.

З усіх гадоў самым чарнічным выдаўся мінулы год. Калі ў адным лесе чарніц мала, едуць у іншы.

На выручаныя грошы жанчына набывае прадукты, запчасткі да аўтамабіля, паліва.

Многія збіраюць ягады, каб аддаць даўгі або пагасіць крэдыт. Сабе пакідае літры чатыры або пяць на варэнні, дзеці больш ядуць свежыя ягады.

Нямала сярод зборшчыкаў падлеткаў. Звычайна яны збіраюць грошы на сучасныя мабільныя тэлефоны. Здаралася, што мама з дочкамі за лета на чарніцы зарабілі на прыгожы мяккі куток з канапай і двума фатэлямі.

Сёлета з чарніцамі слаба

Пра тое, як ідзе нарыхтоўка чарніц, мы распыталі ў Смаргонскім райспажыўтаварыстве:

– Сёлета з чарніцамі слаба, ды яшчэ камерсанты душаць. Летась уражай быў нашмат лепшы, нарыхтавалі каля сямі тон. А ў гэтым годзе яшчэ і тоны няма.

За адзін кілаграм ягады таварыства плаціць ад 3,20 да 3,50 рублёў. Здаваць можа жыхар любога раёна.

Колькі часу працягнецца збор чарніц, залежыць і ад ураджаю, і ад актыўнасці зборшчыкаў.

Што яшчэ прадаюць на базары

Ліпень – гарачы час для ягад. На рынку прадаюць як садовыя дары, так і лясныя.

За паўлітровы слоік чарніц з Вілейскага раёна на базары просяць 4 рублі.

Многія прадаюць маліну – па тры рублі за паўлітра. Такі ж аб’ём агрэсту прадаюць за два рублі.