У міліцыю звярнуўся 42-гадовы жыхар Краснага Маладзечанскага раёна з заявай аб тым, што невядомы скраў матацыкл «Мінск» чырвонага колеру. Яго гаспадар пакінуў ля пад’езда.

Спахапіўся ўладальнік жалезнага каня праз два дні. Матацыкл 2003 года выпуску быў прыпаркаваны ў двары па вуліцы Лясгаснай. І прышпілены замкам. Але, відаць, не настолькі надзейнай апынулася абарона, што не стала перашкодай для зламысніка.

Кошт матацыкла ўладальнік ацаніў у 600 рублёў.

У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі асобу падазраванага. Ім аказаўся 16-гадовы жыхар суседняй вёскі. Падлетка затрымалі.

Гісторыя крадзяжу банальная. Двое непаўналетніх гулялі ў раёне возера ў Красным. Адзін з прыяцеляў прыкмеціў матацыкл, сарваў замак і павёз з месца паркоўкі. Таварышу сказаў, што гэта нібыта знаёмы даў пакатацца. Сумеснымі намаганнямі хлопцы завялі транспартны сродак і паехалі ў Мясату. Дабраўшыся да вуліцы Наберажнай, зламыснік прызнаўся, што правоў у яго няма, таму матацыкл дадому не павязе, бо бацькі будуць сварыцца.

Скрадзены матацыкл юнак вырашыў схаваць – непадалёк у лесе пад галінкамі.

Адразу ж узнік план: разабраць транспартны сродак на запчасткі і, размясціўшы аб’яву, прадаць. Частку запчастак прадаў. І бізнес мог быць паспяховым, калі б не ўмяшаліся праваахоўнікі. Пакінутыя дэталі скрадзенага ў лесе знайшлі аператыўнікі.

У выніку замест прыбытковай справы ў фігуранта крымінальны артыкул «Крадзеж». Цяпер яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Ад верасня 2017 года ў дачыненні да непаўналетняга праводзяць індывідуальна-прафілактычную работу. Тады ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі ён патрапіў за распіццё спіртнога.

• Текст доступен на языке: Русский