З развіццём інфармацыйных тэхналогій і сродкаў сувязі з’явіўся такі выгляд гвалту, як кібербулінг. Кібербулінг – прыніжэнне або цкаванне з дапамогай электронных прылад.

Такі від цкавання адбываецца ў інтэрнэце з дапамогай мабільных тэлефонаў або камп’ютараў. Зладзеі выкарыстоўваюць электронную пошту, мэсенджары.

Псіхолаг Алег Гурын, які працуе з псіхалагічнымі траўмамі, распавядае, што ў сваёй практыцы не сустракаўся з ахвярамі кібербулінгу. Гурын перакананы, што такая праблема існуе ў Беларусі, але не ўспрымаецца як цкаванне.

– Напрыклад, да мяне звярталіся дзяўчаты, расказвалі пра сайты знаёмстваў. Інтэрнэт заўсёды напоўнены людзьмі, якія прапануюць здзейсніць розныя непрыстойныя дзеянні. Гэта і ёсць адна з форм кібербулінгу, але дзяўчаты гэта такім чынам не ўспрымаюць.

Кібербулінг адрозніваецца ад цкавання ў «рэале»

У адрозненне ад цкавання ў рэальным жыцці, кібербулінг бесперапынны. Сацыяльныя сеткі сталі неад’емнай часткай жыцця сучаснага чалавека.

Прыніжэнні ў «рэале» абмежаваныя па часе, а цкаванне ў сеціве гэтых абмежаванняў не мае. Большая частка інфармацыі, якая перадаецца ў электронным выглядзе, з’яўляецца пастаяннай і публічнай. Тое, што з’яўляецца ў інтэрнэце, назаўсёды там застаецца. Таксама і ў тых выпадках, калі нейкую інфармацыю выдалілі.

Ахвяра заўсёды знаходзіцца пад ціскам з боку крыўдніка. Часцей за ўсё людзі не ведаюць, хто з іх здзекуецца. Праваабаронца Эдуард Баланчук распавядае, што галоўнай рысай кібербулінгу ёсць ананім­насць. Чалавек не заўсёды можа самастойна даведацца пра асобу крыўдніка.

– Гэта не галубіная пошта і не звычайная пошта. Усё можна знайсці ў інтэрнэце, і ўсё гэта імгненна распаўсюджваецца. Звычайна цяжка распазнаць і адсачыць, таму што ў большасці выпадкаў кібербулінг ананімны, але ўсё магчыма. У гэтым накірунку павінна працаваць і інспекцыя па справах непаўналетніх, калі гэта датычыцца дзяцей, – кажа Баланчук.

Дзеці з’яўляюцца менш абароненай групай ад кібербулінгу

У 2017 годзе дзве арганізацыі ў Злучаных Штатах аналізавалі, колькі школьнікаў і студэнтаў пакутуюць ад кібербулінгу кожны год. Каля 15% дзяцей былі ахвярамі цкавання ў інтэрнэце.

Алег Гурын кажа, што для таго, каб справіцца з псіхалагічнай траўмай, патрэбныя пэўныя рэсурсы, якіх у маладой псіхікі мала.

– Дарослы чалавек вучыцца спраўляцца з абясцэньваннем ці прамой агрэсіяй. Калі псіхіка не схільная да паталагічных і псіхічных расстройстваў, то чалавек здольны самастойна перажыць траўму. Дзіцячая псіхіка ўладкаваная па-іншаму. Калі дзіця сустракаецца ў інтэрнэце з агрэсіяй ці абясцэньваннем, то ўспрыманне свету будзе ў яго зусім іншае.

Па штогадовых даследаваннях ЮНЕСКА, дзеці і падлеткі, якія сутыкаюцца з булінгам і кібербулінгам, больш схільныя да рызыкоўных паводзінаў: эксперыментаў з псіхаактыўнымі рэчывамі і алкаголем, небяспечнымі сэксуальнымі адносінамі. І, як следства, больш схільныя да рызыкі сутыкнуцца з непажаданай цяжарнасцю, ВІЧ і інфекцыі, што перадаюцца палавым шляхам.

– Кібербулінг носіць больш дзіцячы характар. Цкаванне трэба спыняць у самым пачатку. Гэта павінна быць аператыўная праца псіхолагаў у школах і таксама бацькоў. Наступствы могуць быць вельмі нядобрыя. Людзі, якія сутыкаюцца з гэтай праблемай, проста не падрыхтаваныя маральна, – распавядае Баланчук.

Кібербулінг актыўна даследуюць

Па ўсім свеце актыўна вядуцца даследаванні кібербулінгу. У 2016 годзе камітэт Еўрапейскага Саюза право­дзіў спецыяльны аналіз па цкаванні ў інтэрнаце у краінах-удзельніцах. Амерыканскія і брытанскія сацыёлагі право­дзяць такія даследаванні штогод.

У 2016 годзе Камітэт Еўрапейскага парламенту па грамадзянскіх свабодах, правасуддзю і ўнутраных справах апублікаваў вялікую справаздачу па інтэрнэт-цкаванні. У ёй апісаныя асноўныя віды кібербулінгу.
Выключэнне – гэта форма кібербулінгу аналагічная байкоту: ахвяру наўмысна выключаюць з адносін і камунікацыі.

Дамаганнем называюць пастаяннае і наўмыснае здзекаванне пры дапамозе абразлівых або пагрозлівых паведамленняў, адпраўленых асабіста адным чалавекам або часткай якой-небудзь групы.

Грыфінг – здзекі з чалавека ў камп’ютарнай гульні ці ў віртуальным свеце.

Тролінг – пастаянныя абразлівыя каментары на сайце.

Кібер-сталкінг – уключае ў сябе пастаянную пагрозу і дасыланне грубых паведамленняў.

Кібер-пераслед – бесперапыннае і паўторнае дамаганне, абразы і пагрозы.

Маскарад – сітуацыя, калі хуліган прыкідваецца іншым чалавекам для пераследу сваёй ахвяры.

Фрэйпінг – змяненне дэталяў на чужой старонцы ў сацыяльных сетках, калі людзі пакідаюць свой профіль адкрытым.

Аўцінг адбываецца, калі асабістая і прыватная інфармацыя, фатаграфіі ці відэа пра каго-небудзь распаўсюджваюцца публічна без дазволу.

Трыкінг адбываецца, калі нехта падманвае каго-небудзь у раскрыцці таямніц або няёмкай інфармацыі, якая затым распаўсюджваецца ў інтэрнэце.

Сэкстынг – распаўсюджванне сэксуальных вобразаў праз мабільныя тэлефоны або інтэрнэт без згоды чалавека.

Хэпі слэпінг – агрэсіўныя ці прыніжальныя паводзіны, якія запісваюць назіральнікі, а відэа перадаюць на іншыя тэлефоны ці размяшчаюць на сайце.

Пагрозы – нанясенне шкоды існуючым адносінам, якія праяўляюцца ў пагрозе сям’і, пагрозе фізічнага гвалту і пагрозе смерцю.

Флэймінг – адпраўка гвалтоўных або вульгарных паведамленняў. Адрозніваецца ад дамаганняў тым, што флэймінг – гэта анлайн-спрэчка, дзе даказваюць свой пункт гледжання ў агрэсіўнай манеры з выкарыстаннем ілюстрацый і вялікіх літар.

Ілюстрацыя Ігара Палынскага.

Як засцерагчы дзіця ад кібербулінгу

Лепшы спосаб прадухіліць кібербулінг – падрыхтаваць дзіця да ўзаемадзеяння ў свеце.
• Пагаварыце з вашым дзіцем аб тым, што такое кібербулінг;
• абмяркуйце з дзіцем, што рабіць, калі яно адчувае пагрозу;
• практыкуйце сацыяльныя навыкі з вашым дзіцем, якія могуць дапамагчы яму ў інтэрнэте;
• навучыце дзіця паважаць і спачуваць іншым у інтэрнэце;
• даведайцеся, якія прылады і тэхналогіі выкарыстоўвае ваша дзіця;
• не пакідайце электронныя прылады ў спальні вашага дзіцяці, дзе іх можна выкарыстоўваць без нагляду.

Рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім, якія трапілі ў крызісную сітуацыю: 8 801 100-16-11.
Экстранная псіхалагічная дапамога «Тэлефон даверу»: 8 017 352-44-44.

Згодна з артыкуламі 152 і 153 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, чалавек, якога абразілі, можа звярнуцца ў суд з іскавай заявай аб абароне гонару і годнасці. Для доказу факту абразы ў інтэрнэце трэба прадставіць скрыншот (здымак старонкі) з крыўднымі словамі.

Калі вы сталі ахвярай кібербулінгу і хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, звяжыцеся з «РГ» па электроннай пошце regionnews@rh.by.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by, vitebsk4.me, часопіса
«Бінокль» і «РГ».

• Текст доступен на языке: Русский