Удава Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна Валянціна Міхайлаўна засталася без электрычнасці. Пра гэта паведаміў журналіст Глеб Лабадзенка на сваёй старонцы ў Facebook і заклікаў дапамагчы пагасіць запазычанасць.

«Ужо тыдзень яна сядзіць у цемры. Лядоўня размарозілася. Пліта электрычная – таксама карыстацца немагчыма. Гарбаты не пап’еш. Запазычанасць за святло — 917 руб.

Я не хацеў бы зараз публічна абмяркоўваць, чаму гэтая сітуацыя ўзнікла, хто вінаваты, куды глядзяць сваякі і г.д. Прашу ўстрымацца ад пустых каментароў на гэтую тэму. Валянціна Міхайлаўна – чалавек, у многім дзякуючы якому Рыгор Барадулін стаў тым, кім стаў. Зараз зразумела адно – трэба аператыўна ёй дапамагчы», — напісаў Лабадзенка.

Журналіст заклікаў падтрымаць Валянціну Барадуліну. Каардынуе сітуацыю Элла Оліна, да якой можна звярнуцца праз Facebook. Таксама Глеб Лабадзенка прапануе неабыякавым людзям дапамагчы пагасіць запазычанасць. Гэта можна зрабіць праз АРІП без увядзення паказанняў наступным чынам:

Сістэма «Разлік» (АРІП) – Камунальныя плацяжы – Электра-цеплазабеспячэнне – Мінск – Мінскае МРО – Эл. энергія (плацёж без базы) – увесці асабісты рахунак 451831132 – праверыць дадзеныя абанента – увесці суму – аплаціць.

«Не бойцеся, што мы разам аплацім лішняга, наперад. Улічваючы сітуацыю, гэта будзе нават лепей», — напісаў Лабадзенка.

• Текст доступен на языке: Русский