Сёлета ўпершыню рэдакцыя «Рэгіянальнай гезеты» арганізавала свята для тых, хто падтрымлівае актыўны і экалагічны лад жыцця. RHBYrovarFEST мы правялі 14 ліпеня ў Вілейцы.

На свята сабралася больш за 30 чалавек з Вілейкі, Маладзечна і Мінска. Большасць была на веласіпедах. Некаторыя ўдзельнічалі пешшу.

Спачатку для веласіпедыстаў правёў майстар-клас прадстаўнік Мінскага роварнага таварыства Дзмітры. Ён распавёў прысутным, якія меры неабходна прымаць, каб жалезны конь як мага даўжэй быў у добрым стане.

Як з дапамогай зубачысткі ўтрымаць два відэльцы? А вось так!

Сённяшні RHBYrovarFEST ад “Рэгіянальнай газеты” ў Вілейцы ў 8 фота

Былі нават эксперыменты

Пасля госці падзяліліся на тры каманды – тры веласіпедныя і адну пешаходную. Гульцы атрымлівалі карткі з заданнямі, выконваючы якія праходзілі свой маршрут.

Сярод картак былі шыфры, крыжаванкі, асацыяцыі, хімічныя загадкі, размалёўкі, зрабіць фота на фоне таго ці іншага аб’екта і іншыя заданні. Некаторыя прайшлі ўвесь патрэбны маршрут. А некаторыя каманды адолелі толькі частку заданняў.

Самы гарачы бой паміж удзельнікамі адбыўся на фінішы. Аказалася, што ва ўсіх не хапае нейкіх заданняў, і ўсё кінуліся іх дарабляць.

Пасля арганізатары правяралі, ці ўсе зрабілі заданні правільна і сумленна. Найменшы маршрут прайшла каманда «Сінія сандалі» і атрымалі вядзёрка вілейскіх вішань.

Каманды «Спектр» і «Метэаролагі» набралі аднолькавы маршрут. Таму пазіцыі паміж імі вызначаў апошні іспыт – яны мусілі выканаць заданне, якое не зрабілі падчас квэста. Для эксперымента атрымалі па паветраным шарыку з содай і бутэлечцы з воцатам. Неабходна было надзьмуць шар пры дапамозе хімічнай рэакцыі.

«Метэаролагі» выканалі заданне няправільна – налілі воцат у шар. «Спектр» жа зрабілі ўсё, як трэба – калі соду перасыпаеш у бутэльку, газ ад рэакцыі надзімае шар. Менавіта яны і сталі пераможцамі сярод каманд веласіпедыстаў. Абедзьве каманды атрымалі кошыкі фруктаў.

Але найбольш адказнай і хуткай камандай на квэсце аказаліся «Лаўцы пешаходы», за што і атрымалі самы вялікі кошык фруктаў.

Супер-пытанне

Апошняя загадка была для ўсіх удзельнікаў адна – хто першы здагадаецца, той і атрымае персанальны прыз. Як назвалі вынаходніцтва Джона Кемпа Старлі, які стварыў першы веласіпед сучаснага тыпу, што у перакладзе значыць «вандроўнік»? На пытанне адразу ж адказаў Максім Петрыкевіч: «rover».

Максім атрымаў у падарунак ліхтарыкі для веласіпеда.

Максім Петрыкевіч (справа) і Георгі Камароў.

Прыемны час

Пасля ўзнагароджання госці частаваліся дамашнім ліманадам і бутэрбродамі пад музыку. Для пікніка мы прасілі ўдзельнікаў захапіць свой кубак, каб не забруджваць прыроду аднаразовым пластыкавым посудам.

Каманда «Лаўцы пешаходы» стала пераможцай квэста.

Удзельнікі дзякавалі за магчымаць займальна правесці час на свежым паветры і папрасілі неўзабаве паўтарыць нешта падобнае.

– Квэст аказаўся прыкольны, – падзяліўся Максім Пертыкевіч. – На некаторых заданнях мы затупілі, не ведалі камандай, што рабіць.

Вельмі парадаваў індывідуальны прыз. Ніколі не купляў ліхтарыкі. Цяпер яны будуць на маім старэнькім веліку з налепкай «Рэгіянальная газета» на раме.

Вось які водгук мы атрымалі ад удзельніка ініцыятывы «Планета навуковых цудаў» Вольгі Шостак:

– Вялікі дзякуй «Рэгіянальнай газеце» за выдатную арганізацыю і правядзенне ў Вілейцы RHBYrovarFEST – фэста для веласіпедыстаў і аматараў актыўнага лада жыцця. Удзельнікі «Планеты навуковых цудаў» з задавальненнем прынялі ўдзел у фэсце і былі прыемна здзіўленыя заданнямі квэста. Два з іх – гэта правядзенне займальных вопытаў.

Квэст дапамог па-новаму паглядзець на Вілейку і яе славутасці. Майстар-клас пераканаў, што трэба вучыць фізіку, каб лепш клапаціцца пра свой веласіпед і разумець, як працуюць яго механічныя часткі.

Фота ўдзельнікаў фэста.

• Текст доступен на языке: ruРусский