Ларыса Сысун з аўтарам выставы.

Адкрыцце выставы “Погляд у мінулае” маладзечанскага фотамайстра Аляксандра Салагуба адбылося 11 ліпеня.

Для гасцей зрабілі экскурс у мінулыя гады фатографа, што дапамагло глыбей зразумець экспазіцыю. Нарадзіўся Салагуб у Францыі ў сям’і шахцёра. Пасля пачатковай школы быў кінамеханікам.

Потым пераехаў у Савецкі Саюз ў Данбас, дзе працягнуў справу бацькі – працаваў шахцерам. Гэта наклала адбітак на работы майстра. На выставе ёсць серыя, прысвечаная цяжкай працы пад зямлёй. Праз некаторы час перабраўся на радзіму родных, у Беларусь. У Маладзечне працаваў на заводзе, а потым запрасілі ў клуб фотааматараў “Гарызонт”.

– Спачатку здымаў толькі для сябе і сям’і, – прызнаўся фатограф.

Васіль Таркан і Аляксандр Салагуб.

На выставе прысутнічалі сябры аўтара, якія прыйшлі павіншаваць з выставай. Былы дырэктар маладзечанскай мастацкай школы Васіль Таркан пажадаў шчасця, творчасці і падарыў званочак, каб майстар мог яшчэ доўга зваць да сябе людзей.

– Самая складаная прафесія – быць чалавекам. Саша чалавек шчыры, светлы, які ўмее назіраць, як ніхто іншы, – прыкмеціў Аляксандар Хазянін.

На экспазіцыі многа фотаздымкаў людзей, і ўсе яны непадобныя адзін да аднаго. На карцінах “Дзьмухавец”, “У скараходах” і “Мы ўсе бачым” паказана дзіцячая непасрэднасць. А на “Сочы 1985” і “Жаночы партрэт” прыгажосць жанчын.

На фотакартках Салагуба можна знайсці, як адзначалі “Купалле на Ушы”, пейзажы “Нарач”, “Рымскае ўзгор’е”.

Амаль ўсе фотаздымкі ў чорна-белым колеры, але знайшлося месца і каляровым: гэта серыя “Гісторыя Вялікасельскай вуліцы”.

Фіналам адкрыцця стала прамова кіраўніка духоўна-патрыятычнага аб’яднання Палаца культуры “Светач” Ларысы Сысун:

– Работы кажуць за гэтага чалавека, за яго дабрыню. Калі яго сустракаешь ў горадзе, без абдымкаў немагчыма, – падзялілася наведніца.

Пасля цёплых слоў яна ўручыла сябру кнігу, самапечаны піражок і палявыя кветкі.

• Текст доступен на языке: ruРусский