Роўна 25 год мінула з таго моманту, калі літаратурна-мемарыяльны музей Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» прыняў першых наведвальнікаў.

Менавіта ім, першым, выпала акунуцца ў атмасферу старога фальварка, на свае вочы ўбачыць «Дом гаспадара», што прымаў беларускага паэта з далёкага Яраслаўля ў 1911 годзе, наведаць экспазіцыю ў адноўленым «Дамку арандатара», зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы «жывой вады», пра якую некалі напісаў паэт.

Прайшло шмат гадоў: у музеі «Фальварак Ракуцёўшчына» адкрылася экспазіцыя ў «Доме гаспадара». Яе экспанаты знаёмяць з жыццём былога гаспадара Вацлава Лычкоўскага і яго гасцей, распавядаюць пра Эмілію Шабуню і яе маленькую дачку Яніну, якія былі побач з Максімам два летнія месяцы і пакінулі ўспаміны пра маладога паэта. Час ідзе хутка, і вось ужо першыя наведвальнікі музейнага комплексу таксама сталі сведкамі гісторыі.

На свяце гасцей чакаюць:

  • сустрэчы з нашчадкамі Максіма Багдановіча і Эміліі Луцкевіч, з сучаснымі паэтамі, музыкамі, мастакамі;
  • творчыя заданні і квэсты;
  • займальныя лекцыі;
  • гульні для дзяцей і дарослых і шмат іншых цікавостак.

Праграма свята:

11:00 − прывітальная імпрэза каля памятных камянёў і ўскладанне кветак;
11:30 − знаёмства з музеем «Фальварак Ракуцёўшчына», агляд экспазіцыі;
12:00 − літаратурна-музычная імпрэза «Пацеркі зор»;
12:00 – 16:00 – інтэрактывы і забавы для наведвальнікаў:
– майстар-клас па напісанні лімерыкаў і інтэлект-«трэніроўка» ад ПЭН-цэнтра;
– гульні «Кніганоша», «Літаратурны кракадзіл», «Музейная шуфлядка»;
– квэст па экспазіцыі;
– майстар-клас па выцінанцы;
– інтэрактыўны дзіцячы спектакль «Ці добра быць суслікам?».

Праезд электрычкай Мінск–Маладзечна, Маладзечна–Мінск (да станцыі Уша) ці маршрутным таксі Мінск–Краснае, Мінск–Маладзечна (да вёскі Краснае).

Ёсць магчымасць патрапіць на свята з Мінска ў складзе арганізаванай групы. У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Мінск, вул. Багдановіча 7а, тэлефон: (8-017) 334-42-69) па папярэдняй замове можна набыць квіткі.

Уваход на само свята вольны.

Тэлефоны для даведак: (8-017) 334-07-61, (8-017) 334-42-69.

• Текст доступен на языке: Русский