У Астравецкім раёне згарэў дом. Гаспадара выратаваў аднавясковец

Курэнне ў нецвярозым стане прыводзіць да пажару, – у гэтым пераканаўся гаспадар дома ў вёсцы Бярозаўка.

У падобнай сітуацыі гаспадар дома апынуўся не ўпершыню. Па словах суседзяў, мужчына часова беспрацоўны, часта выпівае і паліць, у тым ліку і дома – і яны ўжо не раз ратавалі яго. Але да гэтага буйнога узгарання ўдавалася пазбегнуць.

Сур’ёзны пажар здарыўся ў суботу, 20 ліпеня, прыкладна ў сем гадзін вечара. Днём гаспадар дома «культурна» адпачываў у кампаніі двух сяброў, жыхароў гэтай жа вёскі.

Каля пяці гадзін вечара сябры пакінулі мужчыну. А крыху пазней адзін з іх праходзіў міма дома знаёмага, заўважыў дым – і кінуўся ў дом да таварыша. Мужчына ўвайшоў у дом, знайшоў гаспадара, які ўжо душыўся дымам, – і выцягнуў яго праз акно. Тушыць агонь самастойна не спрабавалі. З гэтым справіліся пажарныя разлікі.

У выніку пажару знішчаны дах, перакрыцці, маёмасць у доме, пашкоджаны сцены.

Прычынай узгарання называюць неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў нецвярозым стане.

Фота ostrovets.by

 

 

• Текст доступен на языке: Русский