Маладзечанскія праваахоўнікі знішчылі буйную партыю самагоннай брагі

39-гадовага жыхара вёскі Лешня Маладзечанскага раёна затрымалі за незаконную вытворчасць самагону.

Інфармацыя аб незаконным «бізнесе» супрацоўнікам міліцыі паступіла ад мясцовых жыхароў. У ходзе праверкі звесткі пацвердзіліся. Самагоншчыка супрацоўнікі роты патрульна-паставой службы фактычна ўзялі з доказамі злачынства – мужчына займаўся вырабам самагонкі.

Міні-завод быў размешчаны ў хляве на прысядзібным участку дачніка. Тым вечарам мужчына прыйшоў «на вытворчасць», каб выгнаць чарговую партыю самагонкі. 370 літраў самагоннай брагі захоўвалася ў ванне ў гаспадарчай пабудове, яшчэ каля 750 літраў сыравіны «знайшліся» ў ёмістасці пад зямлёй. Яшчэ 30 літраў гатовага самагону канфіскавана.

Фота Маладзечанскі РАУС

Як патлумачыў сам фігурант, сурагат вырабляў выключна для асабістых патрэб. Раней вясковец за самагонаварэнне да адказнасці не прыцягваўся.

Фота Маладзечанскі РАУС

Не менш цікавая і асоба самога дачніка. Паводле яго слоў, аб міні-заводзе на падворку яму вядома не было. Аднавяскоўцу ён проста дазволіў ім скарыстацца і нібыта не меркаваў, чым той там займаецца. У гаспадара падворка супрацоўнікі міліцыі ў лютым гэтага года канфіскавалі паўтары тоны сурагату: у мікрааўтобусе і ў ёмістасцях ў хляве.

Маладзечанскі РАУС нагадвае, што за выраб моцных алкагольных напояў і паўфабрыкатаў, а таксама за захоўванне самагоннага апарата пагражае штраф.

• Текст доступен на языке: Русский