Дабрачыннае мерапрыемства «Вер у яго» зладзілі ў Маладзечне ў нядзелю, 21 ліпеня. Арганізавалі імпрэзу ўдзельнікі сацыяльнага грамадскага аб’яднання бацькоў «Бумеранг дабра».

Цімоша з мамай Насцяй і татам Андрэем.

Адна з арганізатараў Кацярына Шафаловіч расказала пра тое, чаму яны вырашылі дапамагчы маладзечанскаму хлопчыку менавіта такім чынам:

– Гэта было наша першае такое маштабнае дабрачыннае свята. Да нас у «Бумеранг дабра» звярнулася дзяўчына, якая з сацыяльных сетак даведалася, што Цімафей Раць хворы і яму патрэбныя грошы на рэабілітацыю. Яна пацікавілася, ці зможам мы дапамагчы, і дала кантакты мамы Цімафея Анастасіі.

У гэты ж дзень арганізатары звязаліся з жанчынай і зразумелі, што ім сапраўды патрэбная дапамога, у адзіночку сям’я Рацяў не справіцца.

– Пагадзіліся дапамагчы, таму што чужых дзяцей не бывае, а тым больш бацькі Цімафея з Маладзечна, – дзеліцца Шафаловіч. – Вырашылі арганізаваць маштабнае вясёлае свята. Якраз у гэты час перамаўляліся з сядзібай «Мара дзяцінства» аб супрацоўніцтве, таму вырашылі праводзіць мерапрыемства менавіта там. Далей сталі падключаць актывістаў горада – аніматараў, фатографаў, кандытараў, рукадзельніц. Ахвотных дапамагчы Цімафею аказалася шмат.

Што было на свяце

Арганізатары зладзілі маштабнае сямейнае свята, на якім і дзеці, і дарослыя маглі ўдзельнічаць у розных актыўнасцях.

Пакатацца на конях, узаемадзейнічаць з рознымі жывёламі, пабачыць гімнастычныя нумары на конях, далучыцца да майстар-класаў і конкурсаў.

Дзецям спадабаліся папулярныя цяпер фарбы холі, аквагрым. Былі таксама дабрачынныя аўкцыён і латарэя.

Аб’ядналіся для агульнай справы

Аграсядзіба «Мара дзяцінства» не толькі дала пляцоўку для свята і арганізавала магчымасць пагуляць з жывёламі. Усе грошы, якія сабралі з ахвотных пакатацца на конях, перадалі на рахунак Цімы.

Вікторыя Варанюк, Ірына Паўлоўская і Таццяна Брылеўская прыгатавалі да свята выпечку. Ганна Кічыгіна правяла майстар-клас, Кацярына Краўчонак была вядучай, а аніматары ад студыі «Задорынка» і Ганна Кобель весялілі гасцей. Фатографы Эвеліна Савельева, Ірына Калядчык і Вераніка Ліпніцкая рабілі фотаздымкі, каб яскравыя моманты свята запомніліся назаўсёды.

Рукадзельнікі перадалі вырабы ручной работы для латарэі і аўкцыёна.

Сярод дзяцей многія захацелі падтрымаць Ціму сваімі малюнкамі з пажаданнямі.

«Так кранальна»

Госці атрымалі не проста дабрачынны канцэрт, а свята, падчас якога змаглі дапамагчы хвораму хлопчыку. Бацькі ацанілі такі падыход. Вось які водгук напісала маладзечанка Валянціна Сідоркіна:

«Учора з дачкой паўдзельнічала ў дабрачынным мерапрыемстве. Яго правялі ў падтрымку хлопчыка Цімафея з Маладзечна, усе сабраныя грошы пойдуць на яго лячэнне.

Калі столькі людзей аб’ядноўваюцца для адной агульнай справы – гэта так кранальна! І хаця мерапрыемства прайшло, дапамагчы можна ў любы момант. Гэта быў цудоўны дзень!»

Сабралі 1730 рублёў

Свята прынесла плён – агульнымі намаганнямі ўдзельнікі сабралі 1730 рублёў, якія пералічылі на рахунак Цімы.

– Мы лічым, што мерапрыемства прайшло паспяхова! – дзеліцца Кацярына Шафаловіч. – Жыхары горада выдатна правялі час на свяце. Грошы пералічылі, а таксама ўсе дзіцячыя малюнкі з пажаданнямі перададзім бацькам хлопчыка. І ён стаў бліжэй да сваёй мэты навучыцца хадзіць і размаўляць. Верце ў Цімафея – і ён абавязкова паправіцца!

Ціме можна яшчэ дапамагчы

Цімафей Раць мае дыягназ ДЦП, спастычны тэтрапарэз.

З-за дыягназу хлопчык пакуль не ўмее хадзіць, размаўляць, быць звычайным дзіцем. Гэта не лечыцца, але можна паспяхова рэабілітаваць. Пакуль Ціма маленькі, яго можна навучыць кіраваць сваім целам. Якасная рэабілітацыя дарагая. Цяпер хлопчык на курсе рэабілітацыі ў Чэхіі. Наступны курс будзе восенню ў Варшаве. Агульная сума збору складае 3220 еўра.

Наколькі была важнай дапамога арганізатараў і ўдзельнікаў свята, расказаў тата Цімы Андрэй Раць:

– Дзякуем арганізатарам за гэта мерапрыемства, яно было вельмі насычаным. Людзі прыязджалі з маленькімі дзецьмі, ім было весела – маса забаў для дзяцей і бацькоў. Дзеці малявалі цудоўных конікаў са словамі падтрымкі Цімафею, мы абавязкова павесім іх у пакоі Цімы. Вялізны дзякуй арганізатарам «Бумерангу дабра» і аграсядзібе «Мара дзяцінства» і ўсім людзям, хто дапамог нам.

Дзякуючы сабраным грошам восенню Ціма паедзе на наступны курс рэабілітацыі ў Польшчу.

Пералічыць грошы для дапамогі маленькаму маладзечанцу можна на карту Беларусбанка 4255 2003 0217 9932 да 05/22 на імя Раць А. С. Нумар тэлефона для папаўнення баланса +375 29 238 50 49.

Фота Эвеліны Савельевай, Ірыны Калядчык, Веранікі Ліпніцкай.

• Текст доступен на языке: Русский