Фота з уласнага архіву Валера Макарэвіча.

Беларускія футбалісты-«пляжнікі» упершыню выйшлі на чэмпіянат свету. У камандзе гуляе брамнік са Смаргоні Валеры Макарэвіч.

Да кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы футбалісты выступілі на Еўрапейскіх гульнях. Беларуская зборная заняла перадапошняе месца. Макарэвіч распавядае, што пасля такога выступлення было расчараванне, таму што разлічвалі на іншы вынік.

– Магчыма, гэты правал і песімістычны настрой пляжнафутбольнага грамадства перад паездкай паўплываў станоўча на каманду. Тым больш пасля слабай гульні з літоўцамі шмат чаго непрыемнага пачулі ў свой бок. Гэта сітуацыя прымусіла нас аб’яднацца і стаць больш пільнымі. У дадатак да асабістага жадання атрымаць пуцёўку на чэмпіянат свету вельмі хацелася даказаць усім, што мы здольныя скарыць любую вершыню, – кажа футбаліст.

На кваліфікацыі зборная гуляла з моцнымі сапернікамі. Валеры лічыць, што цяжкай гульнёй была сустрэча з італьянцамі.

– Нам супрацьстаялі не толькі дванаццаць гульцоў «скуадры-адзуры» (так называюць італьянскую зборную — РГ), а і два чалавека са свісткамі, якія прымалі неверагодныя рашэнні і ціснулі на нас усю гульню. Таму гэта вікторыя ўдвая прыемная, мы нарэшце зрабілі гэты апошні крок і прайшлі ў асноўною частку чэмпіянату свету.

Валеры Макарэвіч родам з Ліды. Футбаліст кажа, што адтуль падчас кваліфікацыі была падтрымка з боку бацькоў, сястры і знаёмых. Жонка Валерыя разам з дзецьмі ў гэты час знаходзілася ў Смаргоні — яна адтуль родам.

– Было неймаверна шмат паведамденняў з віншаваннямі з усіх куткоў нашай краіны і не толькі. Нам зычылі толькі перамогі, за што ўсім шчыры дзякуй.

Пасля гульні беларусаў з італьянцамі гулялі Партугалія і Польшча. Менавіта гэтая гульня многае вырашала для беларускай зборнай у кваліфікацыі: перамога першых дазваляла беларускай зборнай кваліфікавацца ў Парагвай, а гэта значыць – беларусы ўпершыню паехалі б на чэмпіянат свету.

Валеры кажа, што каманда вырашыла застацца на трыбунах і паглядзець гульню. Прызнаецца, што было эмацыйна цяжка назіраць за матчам палякаў і партугальцаў.

– Разам з часткай хлопцаў у сярэдзіне першага перыяда не вытрымаў напружання. Таму сышлі са стадыёна, бо спакойна назіраць было велімі складана. Вырашылі пашпацыраваць уздоўж Масквы-ракі. І калі гулялі там, чулі рэха абвестак аб забітых мячах партугальцамі. Вярнуліся на стадыён, паскакалі ў коле, зрабілі некалькі памятных здымкаў. Пачуцці неперадавальныя. Мы здзейснілі тое, аб чым марылі ўжо некалькі год.

• Текст доступен на языке: Русский